Кіраўнік егіпецкай арміі і дэ-факта кіраўнік краіны Абдэль Фатах аль-Сісі наведаў з візітам Маскву. Мала хто сумняецца, што ён стане новым прэзідэнтам на першых пасля адхілення ад улады законна абранага прэзідэнта Мурсі з руху «Мусульманскае брацтва». У краіне ўсталявалася «кіраваная дэмакратыя». Да 2000 прыхільнікаў мусульманскай апазіцыі загінула ў часе разгону дэманстрацый супраць улады арміі.

ЗША і Еўрасаюз стрымана паставіліся да гэтага дзяржаўнага перавароту, але працягваюць заклікаць да «ўключэння ў палітычны працэс усіх палітычных сілаў». 

Расія ж была выразна задаволеная контррэвалюцыяй у Егіпце, бо бачыла ў арабскай вясне небяспечны прыклад. Прастора былога СССР, як і арабскія краіны, застаецца абшарам, дзе пануюць аўтарытарныя рэжымы, кіраўнікі дзяржаваў і сілавая вярхоўка маюць неабмежаваную ўладу і доступ да рэсурсаў. Расія дапамагла ўтрымацца клану Асадаў у Сірыі.

«Мы з вялікай увагай сочым за развіццём ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў вашай краіне, жадаем кіраўніцтву Егіпта поспехаў на шляху да агульнанацыянальнай міру і згоды», — заявіў Пуцін на сустрэчы з аль-Сісі.

Неўзабаве маюць адбыцца расійска-егіпецкія ваенныя манеўры.

Новы рэжым у Каіры абапіраецца на падтрымку Саудаўскай Аравіі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў — манархій, якія таксама з трывогай назіралі за дэмакратызацыяй Блізкага Усходу. Братоў-мусульман у Егіпце падтрымліваў Катар з яго абмежаванай манархіяй. ЗША і Захад у Егіпце спадзяваліся на поспех свецкіх сілаў — кансерватыўных, ліберальных і левых.

СССР і Егіпет былі блізкія ў 1950—1970-я гады, калі прэзідэнт Насер змагаўся з англійскім уплывам у краіне. У 1970-я прэзідэнт Садат пераарыентаваўся на альянс з ЗША, якія мелі большыя фінансавыя магчымасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?