Вось пра гэта (чытайце ніжэй) марыць Стась Карпаў. А пра што марыце Вы? Пішыце ў каментах тут або ў сваіх сацыяльных сетках.
Вось, дарагія мае. Я б хацеў дажыць да таго моманта, калі б мне ніколі-ніколі-ніколі-ніколі-ніколі не прыйшлося абмяркоўваць беларусаў. Ні іх «гаротную мову», ні іх «адабраную гісторыю», ні іх перспектывы як нацыі.
Я б хацеў дажыць да моманта, калі я не буду звяртаць увагу на тое, што тарахціць псіхічна хворы пасол, ці не вельмі разумны блогер, ці тоўсты футбольны каментатар.
Хачу не ездзіць у Гародню у пошуках іншай Беларусі і наогул не хачу яе нідзе шукаць.
Хачу не выязджаць за мяжу як лазутчык і не хадзіць па сваім горадзе як партызан.
Хачу дажыць да таго моманту, калі, пачуўшы «нашы гуляюць», я дакладна буду ведаць, што гэта пра беларусаў.
Хачу ўбачыць «Ў» на таннай кітайскай клавіатуры у якой-небудзь краме і цэтлік «цыбуля» ў дыскаўнтары.
Хачу піць піва на услончыку ў парку.
Хачу, каб на ўсіх пяціпавярхоўках дабудавалі мансарды і каб там былі кватэры, а не офісы.
Хачу, каб усім, што я бачу наўкол, займаліся людзі, якія гэта любяць яшчэ мацней за мяне.
Хачу выглядаць касмапалітам і рэнегатам на фоне большасці беларусаў.
Хачу навучыцца тлумачыць, якім я бачу мой Менск, не губляючы фарбаў.
Хачу, каб знеслі Дом на Нямізе і гэты жылы дом, каторы за ім, каб бачыць Ракаўскую.
Хачу, каб дамы перасталі фараваць у бежавы, а фарбавалі у чорны, бардовы, цёмна-зялёны, лазуравы і г.д.
Хачу зноў убачыць канцэрт «Новага Неба» на прыступках Оперы, і каб трымаць свайго сына ў сябе на плячах, як калісьці мой бацька — мяне.
Хачу назад той самы NRM.
Хачу чуць, як дзеці называюць тат «татамі».
Хачу, каб мянты не называлі мяне «уважаемы».
Хачу, каб вясковыя бабулі не саромеліся сябе і не знікалі. Хачу каб усе ім казалі, якія яны цудоўныя, і прасілі іх не знікаць.
Хачу шмат маленькіх вынасных кавярняў уздоўж вуліц. Каб кавярні былі як у Вільні, а шырыня вуліц — як у Менску. Хачу саксафаністаў у пераходах і газеты на прыступках крамаў. І, калі гэта ўсё спраўдзіцца, хачу ведаць, што я меў да гэтага дачыненне.