«Калі вы хочаце чарговы праект, палову, як мінімум, павесіць на бюджэт, у мяне такіх грошай няма», — сказаў Лукашэнка на нарадзе адносна кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры стварэнні парку неабходна зыходзіць выключна з пытанняў эканомікі. «Мне тут ніякая палітыка не патрэбна. У мяне няма грошай на такую палітыку. Гэта павінен быць выключна камерцыйны праект.

Калі кітайцы камусьці давалі крэдыт пад 2,5—3 працэнты, то пад 5—6 працэнтаў мы крэдыты браць у іх не будзем. Вось у чым павінна быць палітыка, — наракаў Лукашэнка.

— Гэта павінен быць камерцыйны праект. І першы, хто ў гэтым павінен быць зацікаўлены, — гэта КНР. Ім вельмі важны і патрэбны гэты праект. Ім трэба выходзіць у гэту частку планеты, дзе ў іх няма пазіцый. Мы прадастаўляем такую магчымасць», — пераконваў Лукашэнка міністраў. Відаць, Кітай недастаткова пранікся выгаднасцю для сябе гэтага праекта.

Лукашэнка ў сувязі з гэтым нагадаў, што ў Сочы ў яго адбылася паўтарагадзінная сустрэча са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

Міхаіл Мясніковіч заявіў, што курс на стварэнне парку застаецца нязменны. Але ж умовы для інвестараў павінны быць прывабнымі, сказаў ён.

«Мы далі тэрыторыю, мы гатовы падрыхтаваць адукаваных людзей, падцягнуць газ і падвесці дарогу. Але гэта ж не значыць, што мы ўнутры гэтага парку будзем за ўсіх працаваць», — запярэчыў яму Лукашэнка.

Віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік прызнаў, што рэалізацыя праекта па стварэнні парку аказалася намнога складанейшай, чым гэта бачылася першапачаткова.

Разам з тым, за паўтара года пасля падпісання адпаведнага ўказа многае ўдалося зрабіць: створаны і працуюць адміністрацыя і сумесная кампанія па развіцці парку, сфарміраваны статутны фонд, распрацаваны і зацверджаны генеральны план тэрыторыі, распрацаваны дэталёвы план тэрыторыі першачарговага асваення, вядзецца работа па прыцягненні ў парк інвестараў з ліку вядомых кампаній.

«Канцэпцыя парку прадугледжвае стварэнне фактычна новага горада, які будзе спалучаць вытворчую, жылую, сацыяльную, адміністрацыйную інфраструктуру. Удакладненая плошча парку складзе 91 кв. км. Планаваная агульная колькасць насельніцтва — 155 тысяч», — далажыў віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, ужо ў гэтым годзе плануецца пачаць будаўніцтва першага аб'екта — адміністрацыйна-выставачнага комплексу.

Старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра ў сваім дакладзе акцэнтаваў увагу на неабходнасці зніжэння цаны квадратнага метра зямлі, якая будзе прадастаўляцца інвестарам. Аналагічныя паркі ў Еўропе прапануюць участкі з коштам аднаго квадратнага метра прыблізна $50. «Мы павінны набліжацца да $40—45. Тады ў інвестараў будзе цікавасць прыходзіць на гэту тэрыторыю з інвестыцыямі. Думаю, зараз хутчэйшымі тэмпамі пачнём тут рухацца. Нашы праектныя інстытуты пачалі ўжо работу», — адзначыў Шапіра.

На думку памочніка прэзідэнта Кірыла Рудага, умовы работы ў індустрыяльным парку павінны прынцыпова адрознівацца ад тых, якія існуюць у свабодных эканамічных зонах.

«У парку павінны быць суперсучасныя лабараторыі і працаваць будучыя нобелеўскія лаўрэаты. Так у свеце працуюць такія паркі, яны канкуруюць адзін з адным і хутчэй за іншых імкнуцца прыцягнуць самае лепшае ў свеце», — марыць памочнік прэзідэнта.

Паводле яго слоў, адна з галоўных праблем — гэта тэрміны, і ў рабоце з інвестарамі неабходна больш аператыўна вырашаць тэхнічныя пытанні, паколькі бізнес не будзе чакаць чатыры або пяць гадоў. У якасці станоўчага прыкладу Кірыл Руды прывёў сумесны праект з кітайскай кампаніяй «Джылі», дзе бакі даволі хутка выйшлі на выпуск прадукцыі.

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей далажыў, што ўсім пасольствам дадзены канкрэтныя ўказанні па рабоце з патэнцыяльнымі інвестарамі. «Усе інвестары пытаюцца, калі будзе інфраструктура, калі можна будзе паглядзець канкрэтна, дзе адводзіцца месца і на якіх умовах», — адзначыў ён.

«Энергазабеспячэнне ёсць, газазабеспячэнне ёсць, па сувязі таксама вырашана. Мы пачнём практычную рэалізацыю летам бягучага года», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на першым этапе няма неабходнасці брацца за асваенне ўсёй адведзенай пад парк тэрыторыі і ўкладаць у гэта лішнія сродкі. «Не трэба лезці ў гэты масіў. Трэба пачынаць з краю, па-гаспадарску», — сказаў ён.

«Вы мяне пераканалі, што нам трэба пабудаваць гэты парк, — Лукашэнка зрабіў крайнім урад. — Я вам паставіў задачу. Адна ўмова: там не павінна быць левых кампаній. Там павінны быць кампаніі будучага, высокаэфектыўныя, высокатэхналагічныя працоўныя месцы. Ніхто з гэтым не спрачаецца, і я ад гэтага не адмаўляюся, — двухсэнсоўна прагучала ад Лукашэнкі. — Мы дамовіліся з ранейшым Старшынёй КНР і цяперашні яшчэ большы прыхільнік нашага супрацоўніцтва», - адзначыў ён.

«Але паўстае пытанне: мы што, гэта будзем будаваць за свае грошы? Але грошы мы ім даць не можам. У нас няма свабодных грошай, няма танных крэдытаў. І не трэба. Гэтыя грошы ёсць у КНР, ім трэба грошы пускаць у абарот», — дадаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?