Прычытаўшы артыкул у «Нашай Ніве» пра сьмерць маладой жанчыны пасьля родаў у менскім роддоме, я з жахам падумала: няўжо дагэтуль у Беларусі жанчын пасьля родаў пакідаюць адніх на некалькі гадзінаў на каталцы ў калідоры, як гэта было са мной 20 гадоў таму.

У 1993 годзе я нарадзіла дачку. Гэта быў найшчасьлівейшы момант у маім жыцьці. Пасьля родаў мяне вывезьлі на каталцы ў калідор, дзе я некалькі гадзінаў адна чакала, пакуль мяне перавязуць у палату. Як мне патлумачылі, гэта зьвязаны з тым, што пасьля родаў жанчынам лепей знаходзіцца недалёк ад родавай залі, каб у выпадку небясьпечнай сытуацыі можна было тэрмінова аказаць дапамогу.

Так у калідоры ляжала пасьля родаў сёлета ў студзені маладая менская настаўніца Ганна, пра якую піша «Наша Ніва». У яе пачаўся крывацёк і лекары пасьля некалькіх апэрыцый ня здолелі захаваць ёй жыцьцё. Родныя жанчыны абвінавачаюць лекараў у тым, што яны не даглядзелі жанчыну пасьля родаў, што была перазьменка і да яе доўга ніхто не падыходзіў у калідоры.

Не буду разьбірацца, што адбылося насамрэч у менскім роддоме. Гэта справа сьледчых і суду. Зьвярну ўвагу толькі на калідор, у якім жанчына пасьля родаў у самоце чакае, пакуль яе перавязуць у палату.

Як я разумею цяпер, большай непавагі да жанчыны, якая толькі што нарадзіла дзіця, уявіць нельга. Жанчына перанесла цяжкае выпрабаваньне, яна спустошаная, яна шчасьлівая. І ў першыя моманты, калі яна ўсьведамляе сябе маці, яна адна ў больнічынм калідоры. Ёй кладуць на жывот лед і пакідаюць адну. Побач могуць мыць падлогу санітаркі, хадзіць па сваіх справах лекары, але яна адна са сваімі думкамі ў самым непаважным месцы ў шпіталі. Разглядае белыя халодныя сьцены…

Калі так было са мной амаль дваццаць гадоў таму, ад мэдыцыны і лекараў тады не чакалі дэлікатнасьці. Гэта былі першыя постсавецкія гады. На парадзіху крычалі падчас родаў, ніхто не прапаноўваў абязбольваньне ці індывідуальны дагляд. Нават калі ў цябе быў так званы «блат», усё роўна абыходжаньне з жанчынай, якая прыносьць у сьвет новага чалавека, было традыцыйна пераважна грубым. Думаю, не памылюся, што гэта можа пацьведзіць пераважная большасьць жанчынаў, якая прайшлі праз белерускія радзільныя дамы за савецкім часам і пасьля.

Лекараў і акушэрак можна зразумець. Тое, што для жанчын, якія раз ці некалькі разоў у жыцьці прыходзяць у роддом, зьяўляецца найважнейшай падзеяй, для іх руціна і штодзённая праца. І парадзіха ў калідоры ля родзалі – гэта зручна для лекараў. Да таго ж не хапае памяшканьняў у шпіталі і напэўна людзей, якія павінны за імідаглядаць. Магчыма, калі роды праходзяць на платнай аснове, сытуацыя іншая. Ёсьць і асобныя палаты і 24-гадзінны дагляд. Але ня кожная беларуска можа сабе дазволіць аплаціць гэта.

Цяпер улады спрабуюць самымі рознымі спосабамі. заахвоціць жанчын нараджаць болей дзяцей. Гаворака ідзе пра мацярынскі капітал, льготныя крэдыта на кватэры. Гэта ўсё матэрыяльныя чыньнікі. 

Але варта зьмяніць і стаўленьне да парадзіхі. Не пакідайце яе ў калідоры. Павінны быць больша паважлівыя і практычныя спосабы. Спэцыяльныя палаты, дзе з дапамогай апаратуры можна сачыць за станам жанчыны пасьля родаў і не праглядзець крывацёк. Любыя іншыя спосабы, але не калідор, зь якога часам можна і не вярнуцца, як не вярнулася маладоя настоўніца Ганна…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру