У суботу ў былой сталіцы Казахстана Алматы некалькі сотняў чалавек, незадаволеных эканамічнай палітыкай уладаў, сабраліся ля помніка Абая перад Палацам Рэспублікі, паведаміла радыё «Азатык» (радыё «Свабода» ў Казахстане).
Фота: twitter.com/baidildayeva
Яшчэ да пачатку мітынгу ўсё адбывалася па даўно вядомай у Беларусі схеме: праваахоўнікі абгарадзілі плошчу стужкай з надпісам пра рамонтныя работы. На саму плошчу прыгналі дзясяткі аўтамабіляў, а гарадскія камунальныя службы пачалі прыбіраць снег на тэрыторыі.
Фота: Аскар Шайгумараў, vk.com.
Людзі, якія сабраліся на прылеглым да плошчы праспекце Дружбы, выказалі нязгоду з выкліканым дэвальвацыяй ростам цэн на тавары. Як вядома, 11 лютага Нацыянальны банк Казахстана абвясціў аб зніжэнні аб'ёму валютных інтэрвенцый, пасля гэтага курс тэнге упаў прыкладна на 20%.
Цяпер людзі баяцца, што не змогуць выплаціць крэдыты. Удзельнікі мітынгу заяўлялі, што калі ўлады не будуць вырашаць іх праблемы, яны пойдуць мітынгаваць да рэзідэнцыі прэзідэнта.
«Мітынгоўцаў блакавалі паліцыя і байцы СОБРу», — паведамляе агенцтва «Навіны-Казахстан». Паводле дадзеных агенцтва, некалькі дзесяткаў чалавек былі затрыманыя. Сярод іх журналісты і грамадзянская актывістка Валерыя Ібраева, якая ў знак пратэсту начапіла на галаву карункавыя жаночыя майткі. Як паведамлялася, некалькі дзён таму на тэрыторыі краін Мытнага саюза была уведзеная забарона на вытворчасць, ўвоз і продаж карункавых майткоў як прадукцыі, «якая не адпавядае рэгламентам».
Гл. таксама
Назарбаеў: Далейшага паніжэння курсу тэнге не будзе
У Казахстане з-за дэвальвацыі зачыніліся абменнікі і інтэрнет-крамы
Казахстан дэвальваваў тэнге на 20%





