Усе мы верым, што калі на зямлі нараджаецца дзіця, на нябёсах загараецца новая зорачка. Яна расце, сталее і становіцца ўсё больш і больш яркай на працягу ўсяго жыцця чалавека. Відаць, імёны таксама маюць уласныя адбіткі на небасхіле, а можа, нават цэлыя сузор’і. Назвалі бацькі дзяўчынку Янінай — у сузор’і Янінак дадалася зорачка.

Ва ўсе часы паэты складалі вельмі асабістыя вершы-прысвячэнні пэўным асобам са свайго жыцця — каханым, дзецям, сваім сужэнцам. Слынныя паэты Беларусі — Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Уладзімір Някляеў бяруцца прысвяціць верш кожнаму маленькаму беларусу ў новым праекце «Зоркі імёнаў» ад кампаніі «Будзьма!».

Сёння прысвячэнне Марыйкам распачынае новы праект ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» — імянныя вершы дзеткам, каб кожны бацька ці матуля маглі прачытаць свайму хлопчыку ці дзяўчынцы верш, дзе галоўным героем ёсць менавіта іх дзіця!

30 вершаў ад Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і Уладзіміра Някляева гатовыя! Кожны дзень (акрамя выходных) на сайце кампаніі будзе з’яўляцца адзін вершык-прысвячэнне.

дэя праекта з’явілася ў Сяргея Шапрана. А падштурхнула яго да гэтага маленькая Марыйка: «Пляменніцы майго сябра Марыйцы спаўнялася два гады, з гэтай нагоды я і прыйшоў вясновым надвячоркам да Уладзіміра Някляева— папрасіць падпісаць кнігу вершаў для дзетак, — кажа Сяргей Шапран. — Някляеў, відавочна разгубіўшыся (маўляў, ніколі не падпісваў кніжкі дзецям), хвілін праз пятнаццаць задаволена ўсміхнуўся і прачытаў:

Я Марыйку намалюю,
Бо Марыйку ўсю люблю я:

Лобік,
роцік,
носік,
шыйка —
Вось і выйшла ўся Марыйка».

І, як высветлілася, такіх вершыкаў для дзетак дужа мала, што і дало жыццё гэтаму праекту.

Цягам папярэдніх двух тыдняў кампанія «Будзьма!» збірала фотаздымкі дзетак, чые імёны ўжо сталі героямі вершаў. Былі дасланыя фатаздымкі для 18 вершыкаў, а 12 вершаў яшчэ чакаюць сваіх герояў!

Але і на гэтым праект «Зоркі імёнаў» не скончыцца!

Сачыце за навінамі на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі!» і дарыце дзеткам вершаваныя сюрпрызы ад зорак беларускай паэзіі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?