Былыя палітвязні, палітыкі і грамадскія актывісты Беларусі, а таксама сваякі вязняў сумлення, якія застаюцца за кратамі, заклікалі галівудскіх акцёраў Шэран Стоўн і Эрыка Робертса праявіць грамадзянскую салідарнасць і не ўдзельнічаць у здымках фільма «Авель».

Подпісы пад зваротам паставілі Марына Адамовіч, Наста і Зміцер Дашкевічы, Павел Вінаградаў, Ірына Халіп, Марына Лобава, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Мікіта Ліхавід, Дзмітрый Дрозд і іншыя, усяго 25 чалавек.

Адмовіцца ад стварэння фільма аўтары звароту таксама заклікалі рэжысёра фільма «Авель» Уільяма дэ Віталя.

Былыя палітвязні, а таксама іх сваякі адзначаюць, што падзеі, паказаныя ў фільме, з'яўляюцца трагічнымі не толькі для іх, але і для ўсёй краіны.

«19 снежня 2010 года была жорстка разагнаная ўладамі мірная акцыя пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў у Беларусі. Больш за тысячу дэманстрантаў у гэтую ноч былі затрыманыя. Сем з дзевяці кандыдатаў у прэзідэнты апынуліся ў турме КДБ. Сотні іх прыхільнікаў былі бесчалавечна збітыя і арыштаваныя на тэрміны ад 15 сутак да чатырох гадоў зняволення. На гэты час у турме строгага рэжыму знаходзіцца кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які атрымаў найбольшы прысуд за мірную акцыю пратэсту — шэсць гадоў. Палітычна матываваныя прысуды працягваюць выносіцца ў нашай краіне дасёння», — гаворыцца ў дакуменце.

На жаль, падкрэсліваецца ў звароце, «гэтыя трагічныя падзеі скажона адлюстраваныя ў сцэнары фільма, які закліканы легітымізаваць ў вачах грамадства дзеянні ўлады, накіраваныя супраць уласных грамадзян». Аўтары дакумента лічаць гэты праект «бруднай гульнёй беларускіх уладаў».

«Мы выказваем вялікае шкадаванне і расчараванне ад таго, што ўлада выкарыстоўвае вас, каб замацаваць сваё хлуслівае адлюстраванне рэчаіснасці.

Замест здымак у кіно вы ўдзельнічаеце ў здымках прарэжымнага, агітацыйнага фільма.

Мы заклікаем вас да грамадзянскай салідарнасці. Калі ласка, адмоўцеся ўдзельнічаць у бруднай гульні беларускіх уладаў «, - гаворыцца ў звароце.

Палітвязні і іх сваякі таксама спадзяюцца знайсці паразуменне з іншымі зоркамі сусветнага кінематографа ў выпадку паступлення ім прапаноў зняцца ў «Авелі».

Як лічыць старшыня кампаніі « Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, яшчэ не факт, што Эрык Робертс і Шэран Стоўн будуць удзельнічаць у здымках фільма. «Хутчэй за ўсё — гэта піяр-ход, каб прыцягнуць увагу да здымак з мэтай павелічэння бюджэту фільма за кошт дзяржаўных сродкаў Рэспублікі Беларусь. Дзеянні стваральнікаў фільма паказваюць, што яны імкнуцца павялічыць бюджэт фільма», — заявіў ён БелаПАН.

Някляеў не выключае, што ў павелічэнні бюджэту фільма зацікаўлены і некаторыя беларускія чыноўнікі. «Бо нехта ж прапанаваў для здымак цэнтр сталіцы, хоць у іншай краіне гэта варта было б мільёны, хтосьці ж нагнаў бясплатных масовак», — адзначыў ён.

Някляеў назваў фільм «Авель» «падазроным мастацкім праектам, у якім занятыя падазроныя людзі, праца якіх таксама ўяўляецца падазронай».

У сваю чаргу, Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, адзначыла, што не стала б звяртаць увагу на здымкі «Авеля», калі б не дзеянні ўладаў. «Я маю на ўвазе перакрыццё праезнай часткі праспекта ў моцны мароз, спыненне руху грамадскага транспарту, бо менавіта гэта і інкрымінавалася ўдзельнікам Плошчы», — паведаміла яна БелаПАН.

«Для мяне гэты фільм ніякай цікавасці не ўяўляе.

Я проста хацела б яшчэ раз звярнуць увагу на падвойныя стандарты уладаў, на парушэнні правоў чалавека, на тое, што ў Беларусі яшчэ сядзяць у турме людзі, асуджаныя за Плошчу, падзеі якой у фільме хочуць падаць у скажоным і ганебным выглядзе сусветнай супольнасці», —

сказала Адамовіч.

Нагадаем, кінастужка «Авель» ствараецца кампаніяй «Нонстоп Медыя» па замове Міністэрства культуры. На яе выдаткавана больш за 20 млрд рублёў ( 2,17 млн даляраў ЗША). Рэжысёр- пастаноўшчык карціны — выхадзец з Украіны каскадзёр і пастаноўшчык трукаў Уільям дэ Віталь.

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?