Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску расследуецца некалькі крымінальных спраў аб крадзяжах грашовых сродкаў пенсіянераў, звязаных з пранікненнем у жыллё пад рознымі нагодамі.

Як паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК Беларусі, некалькі дзён таму ў Першамайскім раёне сталіцы дзве невядомыя жанчыны, прадставіўшыся супрацоўніцамі аддзела пенсійнага забеспячэння, праніклі ў кватэру мужчыны 1927 года нараджэння і таемна выкралі каля 8 млн рублёў. Жанчыны прапанавалі яму памагчы з абменам грашовых купюр, якія нібыта выводзяцца са звароту на тэрыторыі краіны.

Следствам выяўлена, што пацярпелы пералічыў у прысутнасці невядомых усе свае зберажэнні, якія ў наступным хацеў абмяняць на купюры новага ўзору. Скарыстаўшыся яго даверлівасцю і бесклапотнасцю, падазраваныя выкралі ўсе грошы.

Аналагічнае злачынства было здзейснена на наступны дзень пры падобных абставінах. Дзве невядомыя жанчыны праніклі ў кватэру да пенсіянеркі 1927 года нараджэння, папрасіўшы папіць вады. Пакуль пацярпелая хадзіла на кухню за вадой, жанчыны выкралі парадку 1 млн 600 тыс. рублёў.

Складзены фотаробат адной з меркаваных падазраваных. Следчыя органы звярнуліся да грамадзян па дапамогу ў вышуку і затрыманні злачынцаў.

Следчы камітэт звярнуўся да грамадзян з просьбай быць пільнымі, не пускаць чужых у сваю кватэру, не пераканаўшыся, што яны сапраўды з'яўляюцца прадстаўнікамі сацыяльных ці іншых службаў. Правярайце наяўнасць службовых пасведчанняў, а ў выпадку неабходнасці — удакладняйце інфармацыю па тэлефоне адпаведнай арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?