У фрыстайле 28 гадоў

Фрыстайл узнік у пачатку 1970-х гадоў у Паўночнай Амерыцы. Напрыканцы таго дзесяцігоддзя сталі разыгрывацца першыя Кубкі свету. У СССР лыжная акрабатыка прыйшла ў 1985-м. Праз год — дайшла да БССР.

Дзяржкамспорт БССР выдала пастанову «Аб некаторых мерах па развіцці фрыстайла». У новы від спорта прыцягнулі атлетаў з горных лыжаў, скачкоў на батуце, гімнастыкі, фігурнага катання. Можна нават казаць, што менавіта БССР стала лабараторыяй па развіцці фрыстайла. Напрыклад, гэтаксама ў Латвіі развівалі санкі і бабслей.

Ужо ў 1986-м Казека стаў старшым трэнерам зборнай БССР. І больш не пакідаў сваёй працы.

Прыйшоў з батута

У фрыстайл жа Мікалай Іванавіч трапіў са скачкоў на батуце, у якіх станавіўся чэмпіёнам СССР (1972). Аднак батут у тыя часы не быў алімпійскім відам спорту, таму трапіць на Гульні ў якасці спартоўца Казеку не ўдалося. Па сканчэнні кар’еры ж працаваў спачатку трэнерам па скачках у ваду.

«Я ніколі да гэтага не бачыў горных лыжаў. І мне здавалася, што ніколі не навучуся на іх катацца», — згадваў настаўнік. «Фрыстайл — гэта рызыка на мяжы авантуры», — казаў ён.

Адмовіўся пераехаць за мяжу

Казеку ўжо 63 гады. Ён мінчук. Хоць дзіцём лета заўсёды бавіў у вёсцы на Магілёўшчыне. «Мне ўжо нецікавыя пэўныя месцы, а само пашырэнне чалавечых магчымасцяў», — кажа Казека. У Сочы Антон Кушнір скакаў трайное сальта з пяццю вінтамі, ад гэтага стыне кроў у венах. А Казека кажа — гэта не мяжа. Чалавек здольны скакаць і з шасцю вінтамі.

«У нас галоўны трэнер і адміністратар, і заўгас, і лабіст. Мне падабаецца трэніровачны працэс, яго сутнасць, але даводзіцца займацца ўсім гэтым», — кажа Казека.

Вядома, такога таленавітага настаўніка шмат разоў запрашалі на працу за мяжу, але ён адхіляў усе прапановы. «Лепш чым дома, мне нідзе не будзе. Ды і ўсіх грошай зарабіць немагчыма», — казаў ён.

Збірае маркі

Вынікі ягонай працы проста фенаменальныя. Пройдземся па Алімпіядах. Нагана-98 — бронза Дзмітрыя Дашчынскага, Солт-Лэйк-Сіці-2002 — бронза Аляксея Грышына, Турын-2006 — срэбра Дзмітрыя Дашчынскага, Ванкувер-2010 — золата Аляксея Грышына, Сочы-2014 — золата Антона Кушніра і Алы Цупер.

Такімі вынікамі не можа пахваліцца ніводны айчынны спецыяліст. Прычым здзіўляе ягонае ўменне падрыхтаваць спартоўцаў на самыя адказныя старты. Самай важнай рысай чалавека ён называе працавістасць.

А хобі мае зусім бяскрыўднае — збіранне марак.

Сын беларускага літаратурнага крытыка

«Безумоўна, даводзіцца нечым ахвяраваць, але сям’я разумее, чым я займаюся. Гэта мая праца. Тым больш што сын ужо дастаткова самастойны. Ён захапляецца сноўбордам. І займаецца навуковай работай. Як кажуць, выбраў для сябе крыху іншую дарогу, чым бацька», — казаў Казека ў інтэрв’ю «Народнай волі».

Бацька Казекі — беларускі літаратурны крытык Янка Казека. Аўтар кніг па творчасці Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага. Быў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларусь». Памёр у 2000-м.

Ды і сам Мікалай Іванавіч не супраць пачытаць па-беларуску. Напрыклад, адным са сваіх адкрыццяў у інтэрв’ю tut.by называў «Гамлета» ў беларускім перакладзе.

Сын скончыў Дэнверскі ўніверсітэт (ЗША). У адным з інтэрв’ю Казека казаў, што сын працаваў выкладчыкам у Фрайбургскім універсітэце (Германія). Жанаты другі раз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?