Былыя палітзняволеныя і сваякі вязняў сумлення патрабуюць адклікаць з Беларусі пасла Ізраіля Іосіфа Шагала. Зварот з такім патрабаваннем адпраўлены прэзідэнту Ізраіля Шымону Перэсу, прэм'ер-міністру Біньяміну Нетаньяху і старшыні кнесета Юлію-Ёэлю Эдэльштэйну. Такім чынам былыя палітзняволеныя і сваякі вязняў сумлення адрэагавалі на скандальную заяву Шагала, які назваў беларускіх палітзняволеных «крымінальнікамі».
Тэкст звароту размешчаны на сайце charter97.org.
Паводле слоў заяўнікаў, выказванняў, якія дазволіў сабе Шагал, не дазваляюць дыпламаты іншых краін, акрэдытаваныя ў Беларусі. На іх думку, «гэта — не першае выказванне такога роду спадара Шагала, аднак на гэты раз ён прадставіў свае выказванні як афіцыйную пазіцыю Дзяржавы Ізраіль».
«Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не раз станавілася прадметам абмеркавання міжнароднай супольнасці. У сувязі з парушэннямі правоў чалавека, наяўнасцю палітзняволеных у дачыненні да службовых асоб краіны ўведзены візавыя санкцыі. Нават афіцыйныя ўлады Беларусі дэ-факта прызнаюць наяўнасць палітзняволеных», — падкрэсліваецца ў звароце.
Былыя палітзняволеныя і сваякі былых і цяперашніх палітвязняў, звярнуліся да кіраўніцтва Ізраіля з пытаннем: «Ці з'яўляецца пазіцыя пасла Іосіфа Шагала адлюстраваннем афіцыйнай пазіцыі Дзяржавы Ізраіль па пытанні выканання правоў чалавека і праблеме палітзняволеных у Беларусі, санкцыях Еўрапейскага саюза супраць службовых асоб нашай краіны?» Яны таксама просяць выказаць афіцыйнае стаўленне Ізраіля да сказанага паслом, падтрымаць або абвергнуць яго.
«Мы не можам умешвацца з кадравую палітыку ізраільскага МЗС. Але мяркуем відавочным, што пасля дапушчаных зневажальных для дэмакратычнай супольнасці Беларусі выказванняў далейшае знаходжанне спадара Шагала на сваёй пасадзе ў нашай краіне наўрад ці будзе садзейнічаць падтрыманню пазітыўнага вобразу Дзяржавы Ізраіль у беларускім грамадстве», — рэзюмуецца ў лісце.
Яго падпісалі 46 чалавек, сярод якіх жонка палітзняволенага Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, жонка палітзняволенага Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, былы палітзняволены Андрэй Саннікаў, галоўны рэдактар сайта charter97.org, былая палітзняволеная Наталля Радзіна, былыя палітзняволеныя Павел Севярынец і Дзмітрый Дашкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты, былы палітзняволены Алесь Міхалевіч.





