У інтэрнэце з’явіліся першыя кадры фільма «Белыя Росы. Вяртанне» –

своеасаблівага працягу стужкі 1983 года. Галоўныя ролі ў новым фільме выконваюць Павел Харланчук, Сяргей Жбанкоў і Андрэй Мярзлікін.

Фільм «Белыя Росы. Вяртанне» выйдзе на экраны вясной 2014 года. Паводле сінопсіса, які з’явіўся ў інтэрнэце, сюжэт мае агульныя лініі з першым фільмам.

Пажыўшы ў горадзе, адзін з герояў папярэдняга фільма — Андрэй Ходас (яго іграе Юозас Будрайціс)- вяртаецца да зямлі і селіцца ў малой вёсачцы. Аднак горад наганяе яго. Пара маладых бізнэсоўцаў збіраюцца выкупіць маляўнічы куток для будаўніцтва санаторыя, а нешматлікіх жыхароў вёскі — выселіць. Стары Андрэй дапамагае ўсёй сям'і ўспомніць пра карані і разблытаць праблемы ў адносінах, якія здаваліся невырашальнымі ў мітуслівай атмасферы гарадскога жыцця.

Аснову сцэнара для новага фільма напісаў драматург Аляксей Дудараў, аўтар і класічных «Белых Росаў». Паводле яго словаў, сцэнар пасля істотна перарабляўся. У прыватнасці, у першым варыянце бізнэсовец быў адзін і збіраўся будаваць на месцы Белых Росаў не санаторый, а катэджны пасёлак. Невядома, ці захавалася ў выніковай версіі і асацыятыўнае прозвішча бізнэсоўца — Русачэнка.

 Песня гурту J;Морс, кліпам да якой сталі першыя кадры фільма, праўда, у саму стужку не трапіць.

Пытанне, на якое пакуль няма адказу: для каго новы фільм?

«Белыя Росы» 1983 года ў лёгкай форме паказвалі, як у Беларусі адбывалася ўрбанізацыя. Гэты працэс закрануў сотні тысяч людзей. І гледачы — учорашнія вяскоўцы, заўтрашнія гараджане — пазнавалі сябе і сваіх родных у героях фільма. Ён чапляў іх.

Пра новы фільм цяжка меркаваць па кліпе. Але

з нарэзкі відаць, што кіно будзе прысвечанае жыццю сацыяльнай катэгорыі, якая завецца «офісны планктон».

У кадры — офісы, модныя клубы, «цуд некранутай прыроды» і хутаранкі з мінскім макіяжам.

Але «планктон» і бізнэсоўцы наўрад ці будуць кіно глядзець, пазнаваць сябе і, галоўнае, верыць. Каб пафасны бізнэсовец пераехаў з Мінска ў вёску, дзе няма «Дазары» і прыбіральня на вуліцы? Не смяшыце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?