Адпраўнікам электроннай карэспандэнцыі рэкамендуецца вучыцца стрымліваць сябе ў выразах: у пачатку лютага суд Першамайскага раёна сталіцы прыцягнуў аўтара аднаго з абразлівых лістоў да адміністрацыйнай адказнасці. Былы адвакат юрыдычнай кансультацыі №2 Савецкага раёна г.Мінска Міхаіл Жардзецкі прызнаны вінаватым па арт.9.3 КаАП «Абраза» ці, як гэтае парушэнне трактуе закон, «наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме». Пакаранне — штраф у памеры 5 базавых велічынь (650 тысяч рублёў). Абвясціўшы рашэнне, суд папярэдзіў юрыста: паўторнае на працягу года парушэнне дасць падставу прыцягнуць яго ўжо да крымінальнай адказнасці — па арт. 189 КК «Абраза». Максімальнае пакаранне за аналагічныя дзеянні — два гады абмежавання волі.

Характэрна, што атрымальнік некалькіх абразлівых пасланняў, былы адвакат той жа кансультацыі Павел Сапелка, пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі вясной 2011 года.

Так здарылася, што Сапелка як старэйшы калега быў куратарам Жардзецкага і аднойчы няўхвальна адгукнуўся аб ходзе стажыроўкі апошняга.

Як растлумачыў Сапелка, першы абразлівы ліст ад грамадзяніна, які назваўся Васоевічам, ён атрымаў у студзені 2013 года, але не стаў на яго рэагаваць, хоць у электронным звароце аўтар называў яго па прозвішчы. Заяву ў РУУС Першамайскага раёна Сапелка панёс праз некалькі месяцаў, калі атрымаў чарговае, аналагічнае пасланне і зразумеў, што за ім будуць і новыя.

«Арганізаваўшы ўласнае расследаванне ў інтэрнэце, я звязаўся з гэтым Васоевічам, высветліўшы, што ён прапануе быць сведкам ДТЗ за грошы, — кажа Сапелка. — Закон трактуе такія дзеянні як падрыхтоўку да здзяйснення злачынства, аднак райаддзел міліцыі, куды я аднёс заяву, адрэагаваў на маё паведамленне больш чым абыякава. Вытворчасць па адміністратыўнай справе двойчы спынялася, нават калі асоба Жардзецкага была мной высветленая. Участковага мне давялося літаральна вучыць метадам працы міліцыянтаў. Каб давесці справу да суда, спатрэбіўся амаль год».

Разгляд адміністрацыйнай справы аб абразе заняў у суда менш за 10 хвілін.

Мяркуючы па дыктафонным запісе працэсу, Жардзецкі прызнаў віну, заявіў аб раскаянні і папрасіў у экс-калегі прабачэння. Пацярпелы застаўся непахісны. Больш за ўсё юрыста абурыла тое, што абразлівыя пасланні (адно — проста з працоўнага камп’ютара юркансультацыі Савецкага раёна ў працоўны час) напісаныя юрыстам.

«Адвакат абавязаны ўсведамляць свае дзеянні і ўяўляць сабе перспектыву іх наступстваў», — так пракаментаваў Сапелка рашэнне суда, які ўступіў 17 лютага ў законную сілу. Па словах юрыста, у суд Першамайскага раёна ім пададзены пазоў — аб спагнанні маральнай шкоды, атрыманай падчас чытання абразлівых лістоў, і страху перад допісамі ад незнаёмых людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?