На нарадзе наконт праекта ўказа «Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі» 18 лютага Аляксандр Лукашэнка перасцярог прадпрымальнікаў ад шантажу ўлады ў сувязі са змяненнем умоў іх працы.

«Некаторыя палітыкі ад прадпрымальніцтва, хоць іх цяжка назваць палітыкамі, якія прадстаўляюць інтарэсы прадпрымальнікаў, спрабуюць шантажаваць уладу, у тым ліку прэзідэнта, — сказаў Лукашэнка. — Вось чаго б я не раіў, так рабіць такія заявы ў сродках масавай інфармацыі, бо гэта можа проста вылезці бокам. Мяне палохаць няма сэнсу. Майдану мы не дапусцім ў нашай краіне».

Па словах Лукашэнкі, «усё будзе цывілізавана, бо прадпрымальнікі — самы прасунуты пласт грамадства, арыентаваны на ўсялякія рэформы».

«Таму, калі вы хочаце жыць, як, дапусцім, на Захадзе, мы вам дамо такія ўмовы. Калі вы хочаце жыць, як на Майдане (прабачце за гэту згадку, я ні ў якім разе не хачу ўмешвацца ва ўнутраныя справы Украіны, проста добрае параўнанне), — гэта не ў Беларусі», — папярэдзіў Лукашэнка.

Звяртаючыся да прадпрымальнікаў, ён заявіў: «Я ведаю, вы людзі нябедныя і можаце замовіць у жоўтай прэсе любы артыкул, але вам раю гэтага не рабіць, бо можна атрымаць сітуацыю наадварот. І ганіце ад сябе усялякіх там Шумчанкаў, не тое яшчэ каго — тое, каб яны нават блізка каля вас не хадзілі. У іх няма нічога з вамі агульнага і быць не можа, ім трэба іншае».

Што тычыцца ўказа, то, як адзначыў Лукашэнка, рашэнне будзе прынята, зыходзячы з выгады перш за ўсё для спажыўцоў і дзяржавы, а затым — для прадпрымальнікаў.

Пры гэтым Лукашэнка назваў працу ІП цяжкай.

«Гэта ж трэба — цягнуцца ў Маскву, перад кімсьці стаяць на каленях, у торбах сюды везці тавар, дамаўляцца там пра нейкія зніжкі, каб цэны былі прымальныя, потым і ў мароз, і ў сцюжу, і ў спёку прадаваць іх тут. Гэта цяжкая праца, і напэўна, яна вас задавальняе, я не супраць. Але ўсё павінна быць цывілізавана», — заявіў Лукашэнка.

Гуляць з дзяржавай, прапаноўваючы адтэрмінаваць прыняцце рашэнняў, недапушчальна, падкрэсліў ён.

«Ніякіх часовых рашэнняў напалову тут быць не павінна. Мы і так іх прынялі мноства», — заўважыў Лукашэнка.

У той жа час ён заявіў, што, перш чым падпісаць указ, хацеў бы ўбачыць глыбіню працэсаў, якія адбываюцца ў прадпрымальніцкім асяродку.

«Калі гэта людзі, якія перабіваюцца з вады на хлеб — чаго мы да іх чапляемся? Калі гэтыя людзі ўжо супербагатыя сталі і могуць чымсьці падтрымаць дзяржаву, мы іх папросім, каб яны, разбагацеўшы, стаўшы на ногі за кошт беларускага народа і дзяржавы, бо спажыўцамі з'яўляюцца яны, трошкі падзяліліся з дзяржавай.

Мне патрэбна не знешняя матывацыя: вось Мытны саюз, давайце накінем пятлю на шыю часткі беларускага народа. Мне такі Мытны саюз не патрэбны, дзе мы будзем накідваць петлі людзям, якія сёння працуюць», — сказаў Лукашэнка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру