Сёння ў Мінску пісьменніца Святлана Алексіевіч прэзентавала беларускамоўную версію сваёй кнігі «Час сэканд-хэнд» – своеасаблівага падсумавання папярэдніх прац, у якім яна вывучае прыроду «чырвонага чалавека».

У зале галерэі «Цэх» сабралася болей за 150 чалавек.

Апроч аўтаркі, слова мелі старшыня Саюза пісьменнікаў Барыс Пятровіч і тэлевядучая Зінаіда Бандарэнка.

«Яшчэ нядаўна я не верыла, што мая кніга выйдзе па-беларуску, што можа з’явіцца такая прастора, як «Цэх». Гэта яшчэ раз паказвае, што пры любой уладзе людзі могуць заставацца людзьмі – ствараць тое, што лічаць патрэбным».

Уступны маналог пісьменніцы доўжыцца паўгадзіны – яна разважае на тэму савецкага мінулага, узгадвае бабулю-ўкраінку, якая вельмі паўплывала на яе погляды.

«Бабуля магла са спачуваннем казаць і пра чырвонаармейцаў, і пра немцаў, што тады было надзвычай дзіўна, часы пасляваенныя былі вельмі страшнымі, — кажа пісьменніца. — Але нельга глядзець на чалавека аднавымерна. У маёй апошняй кнізе ёсць эпізод, у якім адзін з маіх суразмоўцаў расказвае, як калі ў 30-я гады арыштавалі ягонага бацьку, пра яго, тады зусім малога, пачаў клапаціцца сусед. Пасля высветлілася, што менавіта гэты сусед і напісаў на бацьку данос».

Прыгадвае Алексіевіч і пра свайго настаўніка – Алеся Адамовіча. «Ён мог быць нашым Вацлавам Гавалам, калі б быў жывы і калі б народ яго абраў, — разважае Алексіевіч. — Тады мы б маглі жыць так, як чэхі пасля Гавала.

У асобе Адамовіча я ўбачыла чалавека, які змог вырвацца з савецкай сістэмы. Ён даў мне болей, чым універсітэт».

Гэтыя развагі вяртаюць пісьменніцу да савецкай тэмы.

«Можна пісаць, які Сталін дрэнны, аднак гэта і так вядомы факт, мяне больш цікавіць чалавечае вар’яцтва: як чалавек можа забіць.

Алексіевіч лічыць, што той самы савецкі чалавек нікуды не падзеўся, і працэсы, якія зараз адбываюцца ў некаторых краінах, у тым ліку ў Беларусі, падкрэсліваюць гэта.

«Мы дрэнна разумеем, што такое свабода. Калі мне кажуць, што «калі мы прыйдзем да ўлады, тых ці тых паставім да сценкі – гэта не свабода. Я з жахам гляжу на тое, што адбываецца ў Кіеве. Гэта вельмі страшна, і для мяне, і для маіх украінскіх сяброў. Мяне палохае кроў, я лічу, што перамагаць трэба іншым шляхам. Я не хачу, каб у цэнтры Мінска палалі вогнішчы, як зараз у Кіеве».

Спадарыня Бандарэнка зачытвае ўрыўкі з «Часу сэканд-хэнд», асабліва кранае аўдыторыю эпізод, у якім студэнтка, якая пасля Плошчы трапіла на суткі, расказвае пра падзеі 19 снежня.

Алексіевіч кажа, што з жахам назірала, як пасля выбараў «запрацавала сталінская машына даносаў», як той самай студэнтцы было цяжка ў роднай вёсцы.

У зале ўзбуджаецца нейкі чалавек і пачынае груба перабіваць Алексіевіч пытаннямі: «А вы дзе былі? У Мінску? Я таксама быў у Мінску. Ніякіх даносаў я не бачыў».

Алексіевіч рэзка яго спыняе: «Я разумею, што вы прыйшлі сюды па працы, дык рабіце сваю працу хаця б разумна». Пасля чаго правакатар супакойваецца.

Чытачы задаюць пісьменніцы пытанні пра дакументальнае і мастацкае ў яе прозе, пра Кабул, кнігу «Цынкавыя хлопчыкі», пра мову — чаму не піша па-беларуску.

Алексіевіч у адказ паўтарыла, што пісала кнігу пра чырвоную Утопію, а Утопія размаўляла па-расейску.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру