Маладая маці спрабуе змагацца за вяртанне сына, а юрысты і праваабаронцы заяўляюць пра парушэнне правоў непаўналетніх сіротаў.

Іне Герашчанка цяпер 19 гадоў. Другому, малодшаму яе сыну Руслану — крыху больш за год. Разам яны жывуць у часовым сацыяльным прытулку для людзей у вострай крызіснай сітуацыі. Як сірата, якая выхоўвалася ў дзіцячым доме, Іна атрымала ад дзяржавы двухпакаёўку і рыхтуецца неўзабаве туды пераехаць. Дзяржава ж адняла ў маладой маці старэйшага сына Уладзіміра, якому цяпер ужо больш за тры гады. Вось якую гісторыю расказала Іна Герашчанка:

«Я нарадзіла дзіця ў 16 гадоў і жыла на той момант у школе-інтэрнаце №5 у цэнтры «Маладыя мамы». Але я была непаўналетняя, і ў мяне дзіця забралі ў дом дзіцяці №2.

Я прыязджала яго наведваць, а калі мне споўнілася 18 гадоў, мяне выклікалі ў суд і пазбавілі бацькоўскіх правоў. Прычына была адна: у мяне няма жылля, куды я магла б забраць сына.

Сказалі — вось і разбірайся з гэтым. Калі я прыехала да сына на два годзікі, то мне сказалі, што дакументы на ўсынаўленне амаль падрыхтаваныя. Я пыталася, навошта яго рыхтавалі на ўсынаўленне без майго дазволу, а мне кажуць, што паколькі я была непаўналетняя, то апекуном дзіцяці на той момант быў дырэктар Дома дзіцяці. Я таксама ездзіла ў Цэнтр усынаўлення і прасіла, каб яго не забіралі, але мне сказалі, што ад іх гэта не залежыць, што дакументы ўжо ў судзе. І яго вельмі хутка забралі».

Іна Герашчанка кажа, што прыклала нямала намаганняў, каб хоць штосьці даведацца пра далейшы лёс старэйшага сына. Марыць яго вярнуць альбо хаця б дамагчыся сустрэчы:

«Я цяпер нічога не ведаю пра яго, дзе ён і як. Толькі ўдалося даведацца прозвішча, імя і імя па бацьку. Я яго Вовам называла, і імя яму пакінулі, але прозвішча і імя па бацьку змянілі. Цяпер у мяне ёсць жыллё, і я б з радасцю яго забрала, але нічога вярнуць ужо нельга. Я вельмі перажываю, што яго без майго дазволу ўсынавілі. Я нават не чакала, што яго накіруюць на ўсынаўленне. Я думаю вось зараз уладкаваць сваю кватэру, каб там быў рамонт зроблены і мэбля была, а пасля пайду ў суд дамагацца, каб я хаця б магла з ім бачыцца. Бо гэта маё дзіця — я павінная яго хаця б бачыць!»

Юрыст, якая даследавала гісторыю Іны, кажа, што магчымасцяў вярнуць сына ці хаця б сустракацца з ім у маладой маці амаль няма.

Прычынай таму — недасканалае заканадаўства і тое, што дзіця ўжо больш як год перададзенае і жыве ў новай сям’і. Відавочнае і нежаданне чыноўнікаў дбаць пра інтарэсы дзяцей, якімі яны апякуюцца, бо пазбаўленне бацькоўскіх правоў — самая крайняя мера ў дачыненні да нядбайных бацькоў. І супраць Іны гэтую меру ўжылі незаслужана, стварыўшы малавырашальную сітуацыю, якой можна было пазбегнуць:

«Канечне, можна было пазбегнуць, канечне. Па-першае, яна сірата, у яе нікога няма. І дзяржава, той жа орган апекі, замест таго каб ёй дапамагчы захаваць яе мацярынства, а дзіцяці ягоную біялагічную маці, зрабілі ўсё, каб гэтая дзяўчына страціла бацькоўскія правы і ў яе забралі дзіця. Бо ў законе напісана, што пазбаўленне бацькоўскіх правоў — гэта крайняя мера, калі вельмі добра бачныя адпаведныя паводзіны чалавека. І суды павінны высвятляць, калі паўстае пытанне пазбаўлення бацькоўскіх правоў: гэта па віне самога бацькі-маці, якія адмаўляюцца выконваць свае абавязкі, ці ў іх не было магчымасці клапаціцца пра дзіця? Гэта ж зусім розныя сітуацыі. Я сама была ў шоку, калі даведалася, што калі непаўналетняя дзяўчына нараджае дзіця, то ў яе ніхто не пытаецца згоды, каб яго адабраць. А апекуном гэтага дзіцяці, якое знаходзіцца на дзяржаўным утрыманні, з’яўляецца дырэктар установы, у якой ён знаходзіцца і які зацікаўлены, каб гэтае дзіця перадаць на ўсынаўленне. Гэта страшная сітуацыя, страшная».

Ірына Шмак, кіраўніца сацыяльнага цэнтра «Шчаслівае немаўля», які апякуецца маладымі маці ў крызісным сацыяльным становішчы, кажа, што такіх выпадкаў нямала. І адна з прычынаў — той факт, што гэтыя маладыя маці самі выраслі ў інтэрнатах і сірочых дамах:

«Такая сітуацыя здараецца часта, вельмі часта. Гэтыя дзяўчаты — яны ўсе вельмі «галодныя» на любоў: і любоў агульную да людзей, і любоў прыватную. І таму яны імкнуцца чымсьці запоўніць гэты голад. Таму яны рана нараджаюць сваё дзіця, каб было пра каго клапаціцца, каб побач была блізкая істота. Гэты голад такі моцны, што ён цягне іх нарадзіць дзіця. Але яны не ўмеюць пралічваць, што будзе пазней і з імі, і з іх дзецьмі. Цяпер мяняецца палітыка на тое, каб больш было інтэрнатаў сямейнага тыпу, каб больш сямейнага выхавання ў гэтых дзяцей. Магчыма, там будзе змяняцца і псіхіка гэтых дзяцей, якія будуць бачыць жыццё ў сям’і. На гэта, магчыма, спатрэбіцца шмат часу і добрых кваліфікаваных спецыялістаў. Але часу няшмат, спецыялістаў яшчэ менш, і самі сабой яны не з’явяцца. Яны павінныя таксама вырасці ў гэтай сістэме і навучыцца працаваць з гэтымі дзяўчатамі».

Леанід Скорабагаты кіраваў грамадскай арганізацыяй «Добрая воля», якая займалася праблемамі дзяцей-сіротаў.

Ён перакананы, што дзеці-сіроты да свайго паўналецця не маюць магчымасці бараніць свае правы:

«З аднаго боку, дзяржава клапоціцца пра ўсіх дзяцей: цяжарныя жанчыны на ранніх стадыях бяруцца на ўлік, калі дзіця не ходзіць у школу — яго будуць шукаць, і гэтак далей. Калі ягонаму жыццю пагражае небяспека, то яго забіраюць з сям’і. З іншага боку, калі дзеці трапляюць у гэтую сістэму дзяржаўнай апекі, то ім складана бараніць саміх сябе. Бо ў гэтай сістэме супраць іх працуе цэлы апарат, які знаходзіцца пры пасадах і атрымлівае за гэтую працу грошы. А дзіця калі б і спрабавала штосьці, то яно не мае досведу. І ёсць шмат абуральных выпадкаў, калі ў такіх дзяцей-сіротаў адбіраюць кватэры, калі з прыёмных сем’яў забіраюць дзяцей, каб перадаць у іншыя сем’і. Я не ведаю матывацыі гэтых дзеянняў, пра іх можна толькі здагадвацца. Але бацькоўская грамадскасць падымае гэтае пытанне не першы год, што гэтая ссстэма абароны дзяцей-сіротаў — яна варожая дзецям, і яе трэба мяняць у корані».

Паводле галоўнага ўрача Дома дзіцяці №2 Ларысы Кузьміч, бацькоўскіх правоў Іну Герашчанка пазбавілі нібыта на законных падставах — з прычыны дрэннага догляду дзіцяці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?