Беларусь занепакоена абвастрэннем становішча ва Украіне, што прывяло да чалавечых ахвяр, і лічыць «недапушчальнымі радыкальныя, супрацьпраўныя метады вырашэння ўнутрыпалітычных рознагалоссяў», гаворыцца ў апублікаванай сёння заяве Міністэрства замежных спраў.

«Нельга не звярнуць увагу на тое, што пры ацэнцы драматычных падзей, якія адбываліся ва Украіне ў апошнія месяцы, краіны Захаду неаднаразова падкрэслівалі «мірны» характар акцый пратэсту і не хацелі заўважаць незаконнага захопу адміністрацыйных будынкаў, выкарыстання дэманстрантамі ў сутыкненнях з міліцыяй «кактэйляў Молатава», а таксама агнястрэльнай зброі», — адзначаецца ў заяве. 

На думку беларускага МЗС, «такая пазіцыя, якая мяжуе, па сутнасці, з патураннем радыкалізму і экстрэмізму, адыграла сваю негатыўную ролю ў эскалацыі насілля»: «Падыходы, што прымяняюцца ў дачыненні да падзей ва Украіне, ашаламляльна адрозніваюцца ад тых ацэнак, якія гучаць у сувязі з пратэстнымі акцыямі ў іншых еўрапейскіх краінах, дзе праваахоўным органам даводзіцца прымяняць сілу для навядзення правапарадку». 

Беларусь, заяўляе МЗС, паслядоўна выступае «за ўрэгуляванне ўкраінскага палітычнага крызісу мірнымі сродкамі, пры безумоўным выкананні канстытуцыйных норм права і без вонкавага ўмяшання» і зноў выказвае надзею на найхутчэйшую стабілізацыю сітуацыі ва Украіне. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?