Народны дэпутат, мэр Кіева, Уладзімір Макеенка заявіў пра свой выхад з шэрагаў Партыі рэгіёнаў. Пра гэта гаворыцца ў відэазвароце кіраўніка Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі да прэзідэнта Віктара Януковіча і да кіраўнікоў сілавых структур.
«Падзеі, якія адбываюцца сёння ў сталіцы Украіны — гэта трагедыя ўсяго ўкраінскага народа. Я … гатовы зрабіць усё магчымае для спынення братазабойства і крывапраліцця на Майдане Незалежнасці», — заявіў ён.
«Я прыняў рашэнне выйсці з шэрагаў Партыі рэгіёнаў і прыняць асабістую адказнасць за жыццядзейнасць горада Кіева …. Ніводная ўлада не варта чалавечых ахвяр, ніводны алігарх не загінуў, ніводны палітык не загінуў, я як кіраўнік Кіеўскай адміністрацыі займаюся пахаваннем дзясяткаў простых людзей», — дадаў Макеенка.
Таксама ён прапанаваў «кожнаму нардэпу незалежна ад партыйнага білета стаць жывым ланцугом паміж грамадзянамі Украіны ў форме і грамадзянамі Украіны ў цывільным дзеля спынення баявых дзеянняў і кровапраліцця».
«Я буду выконваць абавязкі старшыні КГДА да таго часу, пакуль мне давярае народ Украіны», — падсумаваў Макеенка.