З снежня 2013 г. палата прадстаўнікоў разглядае ініцыяваны Лукашэнкам праект «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон РБ «Аб ваенным становішчы».

У выпадку прыняцця варыянту з новымі папраўкамі сілавікі змогуць прымяняць супраць грамадзян зброю зусім беспакарана.

Так, у новай рэдакцыі артыкул 18 « Ужыванне зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі… » гучыць: «Вайскоўцы і супрацоўнікі ваенізаваных арганізацый… не нясуць адказнасці за шкоду, прычыненую ў сувязі з… ужываннем (выкарыстаннем) зброі ў прадугледжаных гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі выпадках, калі… ён дзейнічаў ва ўмовах абгрунтаванай прафесійнай рызыкі або крайняй неабходнасці».

«Салідарнасць» пацікавілася ў эксперта, якія рызыкі для простых грамадзян нясе новая рэдакцыя закона і чым выклікана яго рэдагаванне.

— Простае параўнанне ранейшага тэкста і варыянта з папраўкамі ўжо гаворыць пра многае, — адзначае каардынатар кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу», актывіст «Гавары праўду» Міхаіл Пашкевіч. — У парламенце закон знаходзіцца ад 9 снежня 2013 года. Мы натыкнуліся на яго выпадкова, калі шукалі праект закона аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе. Шмат пра што кажа і той факт, што на сайце палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу закона няма.

Па словах эксперта, калі дапоўнены варыянт закона ўхваляць, у выпадку ўвядзення ваеннага становішча сілавікі атрымліваюць поўны карт-бланш на любыя дзеянні.

— Калі ўлічыць, што праект быў унесены ў сярэдзіне снежня і па ініцыятыве прэзідэнта, то аналогіі з Украінай у наяўнасці, — працягвае Міхаіл Пашкевіч. — У выпадку зацвярджэння паправак беларусы зробяцца закладнікамі ўсеўладдзя сілавікоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?