Моцны мужчына гадоў пяцідзесяці з васковым белым тварам-маскай і чырвонымі вачыма, якія спыніліся ў адной кропцы, сядзеў на каленях ля цела, пакрытага скрываўленай прасціной, не ў сілах яе адхінуць.

На ім была зімовая міліцэйская куртка цёмна-сіняга колеру, без пагонаў, з футравым каўняром. Яго коратка стрыжаныя валасы яшчэ некранутыя сівізной.

Нарэшце, ён прыўзняў край прасціны, адразу пазнаў сына, і зноў закрыў яго твар. Потым павярнуў галаву ў бок, дзе ляжалі яшчэ адзінаццаць цел, таксама прыкрытых прасцінамі, запэцканымі крывёю. На некаторых прасцінах ляжалі паперкі, на якіх было нешта напісана чырвоным фламастарам.

Сярод усяго гэтага чырвонага на белым была адна вялікая блакітная пляма — ваенная каска, пафарбаваная ў блакітны аанаўскі колер. Яна ўся была ў крыві, а з левага боку на ўзроўні скроні зеўрала дзірка ад кулявой адтуліны.

Устын Галаднюк, 19-ці гадоў ад роду, студэнт з мястэчка Збараж у Цярнопальскай вобласці ў Заходняй Украіне, павінен быў сустрэцца з бацькам а 11 раніцы на Кастрычніцкай вуліцы. Пра гэта яны дамовіліся ў 9 раніцы.

Устын быў абаронцам Майдану з лістапада. Дамовіўся з бацькам, што той адвязе яго дадому, адпачыць. Дзве наступныя гадзіны да сустрэчы з бацькам Устын не пражыў.

«Я яму сказаў: «Ты асцярожней там, не высоўвайся, нам дадому ехаць», — сказаў Галаднюк. «Ён засмяяўся і адказаў: «Тата, не хвалюйся! У мяне ёсць чароўная аанаўская каска, і са мной нічога не здарыцца». Вось такія апошнія словы я ад яго пачуў».

Уладзімір, бацька Устына, падымае каску з падлогі і доўга глядзіць на кроў свайго сына ўнутры і звонку каскі, падносіць яе да твару, нібы імкнучыся пачуць пах і цяпло сына, спрабуе нешта сказаць, але словы абрываюцца на словах «блакітная каска», ён падае ў крэсла, апускае галаву, і яго масіўныя плечы ўздрыгваюць.

Былы міліцыянт, усё жыццё аддана служыў сваёй Айчыне, ён спрабуе заглушыць невядомы яму раней прыступ. У яго амаль атрымліваецца…

Ва Устына шанцаў выжыць не было, як і ў іншых 11-ці, якія ляжаць цяпер побач з ім у холе гасцініцы «Украіна», абсталяваным пад часовы морг, кажа галоўны доктар мабільнай клінікі самаабароны Майдана Вольга Багамолец.

«Снайпер або снайперы працавалі прафесійна», — гаворыць яна. «Ва ўсіх раненні ў сэрцу або ў галаву. Усе забітыя куляй калібра 7.62 мм [снайперская вінтоўка Драгунова]. Стралялі на паражэнне».

Як грамадзянін, бацька падтрымліваў Устына ў яго жаданні быць на Майдане, кажа Уладзімір. Як бацька, ён пярэчыў.

«Я не ведаю, ці павінен Януковіч стаяць перада мной на каленях, але я ведаю дакладна, што ён павінен сядзець перад міжнародным трыбуналам за тое, што ён зрабіў з маёй краінай і з маім сынам», — кажа бацька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?