Украіна ўстае. Паўстае і ідзе далей. Пад Украінай я, як і многія іншыя, разумею не палітыкаў, а народ.

Яго адзенне яшчэ ў плямах крыві. Яго голас ахрып ад заклікаў. У вачах яшчэ слёзы ад бясконцых пахаванняў загінулых. На яго ботах сажа спаленых шын, а на твары — водбліскі памінальных лампад Майдану. Але ён народ, які яшчэ тры месяцы таму і не думаў, што ён так моцны. Вы толькі ўявіце гэта!..

І ніхто з тых, хто аддаваў загады страляць, хто шукаў у сваіх прыцэлах галовы актывістаў, ніхто з тых, хто краў вагонамі і выводзіў на Кіпр мільярды, хто хаваў сваю крывадушнасць пад мантыямі суддзяў, ніхто з іх так да гэтага часу і не зразумеў, што сваімі злачынствамі яны з'ядналі і кансалідавалі Украіну, як ніхто іншы. І хай Крэмль і іншыя зацікаўленыя і далей точаць зубцы сваіх пілаў.

Я нават магу дапусціць, што іх геапалітычныя амбіцыі рана ці позна пусцяць ўкраінскую габлюшку, але вось чаго нікому ніколі зрабіць не ўдасца, дык гэта распілаваць украінскі Народ, його Національну Гідність (яго Нацыянальную Годнасць ).

Сёння Кіеў яшчэ стогне. Калі яго кулакі — Майдан, то яго сэрца — Міхайлаўскі манастыр.

У сваім матэрыяле я хачу расказаць вам аб тым, як усе апошнія месяцы білася гэта сэрца. Як яно пампавала кроў усяго пратэсту. Кадры з Майдана абляцелі ўвесь свет. А вось пра ролю Міхайлаўскага манастыра пакуль сказана і напісана мала.

Міхайлаўскі Залатаверхі мужчынскі манастыр — адзін з найстарэйшых манастыроў Кіева. Яго гісторыя бярэ пачатак 11 ліпеня 1108 са згадкі ў летапісе пра паставу князем Святаполкам-Міхаілам каменнага храма ў гонар Архістратыга Міхаіла. На той момант гэта быў адзіны храм у Кіеве з пазалочаным верхам, адкуль і пайшла назва «Залатаверхі». Сёння гэта дзейны манастыр. У ім размяшчаецца семінарыя.

Манастыр знаходзіцца над Дняпром ўсяго за некалькі хвілін хады ад Майдана. Менавіта ў Міхайлаўскім у лістападзе мінулага года знайшлі прытулак студэнты — першыя пацярпелыя ад «Беркута». На падлозе галоўнага сабора, адразу пад абразамі, ім тады заслалі пакрывалы, каб людзі маглі адпачыць і сагрэцца. Так забілася гэта сэрца… У студзені былі выбухі на Грушэўскага. Выратаванне — зноў у Міхайлаўскім. У лютым — снайперы на Майдане. Дапамогу параненым зноў там жа.

Дзіўны факт — у валанцёраў, якія прыходзілі ў манастыр дапамагаць, не было выразнай іерархічнасці структуры падпарадкавання.

Ніхто не кіраваў людзьмі зверху, аддаючы распараджэнні — дзе размяшчаць стомленых майданаўцаў на начлег, дзе іх перавязваць, як і чым карміць. Гэтая вайна самаарганізавала людзей… Апішу Вам адзін з лютаўскіх дзён манастыра. Апішу не ў прошлым, а ў цяперашнім часе — усе гэтыя эпізоды цяпер перад вачыма.

«Асцярожна, хуткая дапамога! Рух людзей у арцы па правым баку!» — крык рэгулёўшчыцы спрачаецца са звонам званоў. Рухам аўтамабіляў на тэрыторыі манастыра займаюцца рэгулёўшчыцы.

У іх руках — жэзалы і мегафоны. Гэтыя мілыя дзяўчыны (часцей за ўсё менавіта дзяўчыны — адразу ўспамінаюцца кадры скрыжаванняў дарог Другой сусветнай) адначасова карэктуюць рух транспарту і папярэджваюць пешаходаў аб небяспецы патрапіць пад колы. Прычым за кожнай з рэгулёўшчыц замацаваны свой участак — так што аўтамабілі яны літаральна перадаюць з рук у рукі.

Манастыр ператварыўся ў бальніцу. Хуткія залятаюць у арку званіцы і спыняюцца каля дзвярэй аднаго з прыбудовак храма. Там новых параненых чакаюць лекары — аперацыйная ўладкованая проста ля алтара. Пакуль медыкі спыняюць кроў і вымаюць кулі, у цэнтры храма святары і семінарысты моляцца аб здароўі, а часам, ужо і аб супакоі.

Так усе гэтыя месяцы ў дыме ладану, падпаленых шын і выхлапных газаў манастыр лечыць душэўныя і фізічныя раны.

Тыя, каму пашчасціла быць толькі закранутьм кулямі і асколкамі, звычайна збіраюцца ля намётаў з ежай, якія размяшчаюцца за храмам.

Там жа могуць падсілкавацца і сагрэцца гарбатай ці кавай усе, хто прыходзіць у Міхайлаўскі працаваць валанцёрам.

«Ідзі сюды, мой, добры, я цябе баршчом пачастую», - махае мне чарпаком аднагодка маёй мамы і тут жа крычыць на майданаўца, які праходзіць міма, каб той кінуў цыгарэту: «На тэрыторыі манастыра не паляць!» Бяру боршч і крычу «Дзякую!». Дзяўчат і жанчын у намётах-кухнях часта даводзіцца перакрыкваць: за іх спінамі трашчаць дызель- генератары. Ад бяссонных начэй і гэтага грукату яны, бедныя, валяцца з ног, але, тым не менш, захоўваюць усмешку. «Я ўжо падаю, яшчэ адзін дзень і мяне зменяць», — кранае мяне з гарбатай мілавідная бабуля. Папрасіўшы прабачэння, яна садзіцца на лаўку і пачынае хрысьціцца абветранай рукой.

Уздоўж сцен храма растуць скрынкі з лекамі, шпрыцамі, аперацыйнымі наборамі, шакаладам, печывам, кансервамі, садавіной, малаком, шампунем, зубной пастай, туалетнай паперай, станкамі для галення, маркерамі, нататнікамі, лямпачкамі, ліхтарыкамі, каскамі, рэспіратарамі і інш. Усё сартуецца сотнямі рук і ўкладваецца на стэлажы.

Ля левай сцяны храма не прайсці з-за гары бутляў з вадой. «Паддоны для вады прывезлі!», - кажа мне стары: «Ідзем грузіць!» І працягвае брызентавыя рукавіцы. «Дзякуй, бацька!»

…Разгрузіць. Раптам побач вырастае малады чалавек, крыху маладзейшы за мяне, і басуе: «Добры дзень, Сяргей, я Ваш брат». Без здзіўлення і з іроніяй прашу здзівіць расповедам — якая такая ў нас з ім роднасная сувязь. З першых слоў ён ашаломвае правільнымі прозвішчамі маіх родных, дзеда, яго брата, месцам іх нараджэння, галінка за галінкай распляталіся генеалагічнае дрэва. Стаю як укапаны. Траюрадны брат, пра якога я толькі чуў, ды і то ў дзяцінстве.

Андрэй, той самы, з Драгобычы, што недалёка ад Львова! Абдымаемся, крычым!.. Гэтая рэвалюцыя не толькі развяла, яна і злучыла людзей. Упэўнены — гэта была далёка не адзіная сустрэча ў манастыры: туды ішла, ехала і ляцела ўся Украіна.

Калі хто-небудзь думае, што украінцаў можна перамагчы, ён глыбока памыляецца. Прачыталі? Паўтару яшчэ раз: глыбока памыляецца! Украінцы трымаюцца адзін за аднаго. Я больш чым упэўнены — і беларусаў таксама перамагчы нельга! Проста трэба сябе як нацыю выразна ідэнтыфікаваць і ўсім назаўжды засвоіць — наша гісторыя пачалася нашмат раней, чым у 41-м.

У нас ёсць свая мова і культура. Гэтая тая платформа, на якой можна моцна стаяць. Але, адышоў убок! Вярнуся ў Кіеў …

У перапынках паміж хуткімі, на бруку Міхайлаўскага адзін за адным спыняюцца асабістыя аўтамабілі — ад Лексусаў да Жыгулёў. Вайна аб'яднала ўсіх — незалежна ад сацыяльнага статусу, прафесіі і палітычных поглядаў. Гэтыя людзі па дарозе з працы заехалі ў супермаркеты і забілі свае машыны да даху. Ніколі не забуду, як адзін з такіх кіроўцаў, разам з прадуктамі, прывёз і закаткі — хатнія кансервацыі. Уявіце: увесь пад'езд дома, ад кожнай кватэры, сабраў і перадаў пратэстоўцам салёныя памідоры і агуркі, варэнне і сокі. Слоікаў аказалася так шмат, што для іх нават выдзелілі адмысловыя паліцы.

Апускаецца змрок. Людзей у манастыры становіцца менш. Некалькі чалавек-майданаўцаў адклалі свае біты, знялі чорныя ад сажы каскі і ляжаць — адпачываюць на сваіх шчытах. Вось-вось з'явіцца камандзір сотні і забярэ іх на перадавую…

У мегафон абвяшчаюць, што патрэбныя валанцёры для начной аховы грамадскага парадку ля будынкаў міністэрстваў, а таксама для дзяжурства ў бальніцах, каб бандыты, нанятыя ўладай, не змаглі выкрасці параненых актывістаў з палат (у першыя тыдні сутыкненняў такія выпадкі былі масавымі). Вось скажыце, людзей хтосьці вучыў так арганізоўвацца і сябе абараняць?

Уяўляю, як цяпер некаторыя беларускія ідэолагі ўпэўнена кажуць: «Гэта ўсё замежныя агенты, якія жадаюць растаптаць наш ўнікальны дабрабыт!»

Убачанае не забыць. Ніколі не забуду фота параненага майданаўца, які акрываўленымі вуснамі цалуе сцяг сваёй краіны. Пасля гэтага нельга не ганарыцца тым, што ў тваіх жылах цячэ, у тым ліку, і ўкраінская кроў.

Сёння ўкраінец — гэта не проста нацыянальнасць, гэта з'ява, гэта мерка адданасці зямлі і сваёй гісторыі.

Калі мяне пытаюцца: беларусы іншыя? Я адказваю: «Так, але толькі пакуль! Беларусы проста спяць, а ў сне, як вядома, прыходзіць сіла». Дай толькі Бог, каб беларусы ніколі не хавалі сваіх Герояў.

Якое гэта шчасце для любой супольнасці людзей, якая лічыць сябе нацыяй, калі твая царква заўсёды з табой. Калі святар, надзеўшы епітрахіль на бронекамізэльку, бярэ ў рукі крыж і сыходзіць з актывістамі. Як казаў мой любімы Таніна Гуэра: «Вялікія асалоды можна выпрабаваць толькі, падзяляючы з іншымі радасць і захапленне. Роўна як і вялікае гора можна перажыць толькі разам».

Скончыць хачу словамі аднаго з лідараў руху «Аўтамайдан». Гэтыя словы ён адрасаваў новай украінскай уладзе: «Мы кантралявалі тых, папярэдніх, цяпер будзем таксама кантраляваць вас. Няхай кожны з новых чыноўнікаў ўсведамляе, што ён ідзе да ўлады працаваць на нацыянальныя інтарэсы, а не на ўласны бізнэс. Мы будзем за гэтым сачыць — па росту вашых зберажэнняў. І ніякага картэжу! Ні для каго! Спяшаецеся кудысьці — садзіцеся ў метро!».

Эпілог.

Сваім матэрыялам я больш за ўсё не хацеў рамантызаваць рэвалюцыю. Калі гінуць людзі, любая рамантызацыя становіцца не толькі пахабнай, недарэчнай, але і злачыннай. Як бы хацелася ўсе рэвалюцыі замяніць эвалюцыямі, бо мы і так ужо вычарпалі ліміт ўсіх узрушэнняў. Але, на жаль, такіх замен не бывае. Гэтым матэрыялам я прапанаваў вам падзяліць маё захапленне сілай духу украінцаў, іх прагай свабоды і адказнасці. Слава Украіне! Героям слава!

Экстрэміст (як і многія іншыя мільёны жыхароў Украіны,названыя так Крамлём і былой украінскай уладай),

Сяргей Дарафееў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?