Я перажываю за падзеі ва Украіне. Але значна больш я перажываю з нагоды таго, што робіцца ў гэтай сувязі ў нас. Не пакідае адчуванне таго, што наша ўлада мяркуе: краіна, народ — гэта тыя, хто ёю кіруе. Аднак калі кіраўнік не чуе свайго народа і пры гэтым гвалтуе яго, народ яго змятае. Так што на Украіне адбылася самая тыповая рэвалюцыя, і пры ўсёй маёй нелюбові да рэвалюцый я не магу назваць яе несправядлівай. І цяпер можна колькі заўгодна лопаць крыламі, называць паўстанне грамадзян «карычневай чумой» — выглядае гэта агідна.

Такой зухаватай прапаганды і такой колькасці хлусні я не ўзгадаю з лепшых брэжнеўскіх часоў. Ды і тое не параўнаць: магчымасцяў тады было менш. Хлопцы, вы чаго дамагаецеся? Стварэння грамадскай думкі для ўводу войскаў на тэрыторыю суверэннай дзяржавы? Адхапіць Крым?

ЦК КПСС, уводзячы войскі ў Чэхаславакію, з народам не раіўся. І што, акрамя таго што абасраліся на ўвесь свет? Вось сёння дзве краіны замест адной. І што, дзе першая, дзе другая? Атрымалі мы іх любоў? Ці нешта яшчэ?

А ўсё ж удалося зазамбіраваць даволі вялікую колькасць ідыётаў і проста невукаў з нестабільнай псіхікай. Ужо рвуцца са зброяй у руках ратаваць рускамоўнае насельніцтва — быццам яно да гэтага заклікае. А яны і паверылі. Хлопцы ў тэлевізары, вы чаго дамагаецеся? Надоўга пасварыць два народы, якія жывуць побач? У вас атрымліваецца. А чым гэта канчаецца, ведаеце? Вайну з Украінай захацелі? Так, як з Абхазіяй, не выйдзе: хлопцы на Майдане ўжо загартаваныя і ведаюць, за што б'юцца: за сваю краіну, за сваю незалежнасць. А мы за што? За Януковіча?

Хлопцы, навошта вы схавалі яго ў Расеі? Сумленны чалавек не будзе хаваць злачынцу і злодзея. А злодзей — будзе. Навошта вы сябе ганьбіце перад чалавецтвам? Я ведаю, што вам напляваць, але ўсё-такі?

Вядома, на Украіне нарабілі мора глупстваў — з рускай мовай, са зносам помнікаў. Але такія глупствы непазбежна суправаджаюць любую рэвалюцыю — спружына разгінаецца ў адваротны бок. А потым усё становіцца на месцы — глупства не можа доўжыцца вечна.

Хлопцы, нам з імі жыць. Па-ранейшаму па суседстве. І пажадана ў сяброўстве. А як ім жыць, яны вырашаць самі.

Ці пастраляць захацелася? Кажуць, патрыятызм умацоўвае.

Ненадоўга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?