У Беларусі ўпершыню выйшаў фотаальбом, у якім прадстаўлены звыш 190 партрэтаў удзельнікаў паўстання 1863 года.
Ён прымеркаваны да 150-годдзя паўстання Каліноўскага.
Складальнікі кнігі — архівіст і тэкстолаг Язэп Янушкевіч, а таксама яго дачка Каміла, магістрантка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва.
Яны выдалі альбом ў Ракаве ўласным коштам. Для пошуку фотаздымкаў складальнікі працавалі ў ў архівах і бібліятэках Беларусі, Літвы, Польшчы, а таксама прыватных зборах. Некаторыя фота класічныя — партрэты Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Валерыя Урублеўскага або Кастуся Каліноўскага.
Іншыя знаходкі (напрыклад, патрыятычны асяродак вакол часопіса «Slowo» у Пецярбургу — здымак датаваны 1860 — пачаткам 1862 года) друкуюцца ўпершыню.
Аўтары плануюць працяг выдання. Паводле іх словаў, недаследаванымі застаюцца архівы Волагды і Іркуцка, Масквы і Санкт-Пецярбурга, Парыжа і Лондана — усюды, дзе жылі або знайшлі вечны спачын удзельнікі паўстання.
Кніга ёсць у «Акадэмкнізе», кнігарні «Логвінаў», у незалежных кнігароў.





