Радыё Свабода
Цэнтрвыбаркам рапартуе: за два дні датэрміновага галасавання ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў прынялі 9,8% выбаршчыкаў. Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Рыгор Кастусёў кажа ў размове з карэспандэнтам Радыё Рацыя, што «тактыка ўладаў падчас выбарчых кампаній з гадамі не змяняецца».
Датэрміновае галасаванне на выбарах працягнецца па 22 сакавіка ўключна. Рыгор Кастусёў распавёў пра яго хаду:
«Я размаўляў са многімі назіральнікамі і сам заходзіў на некаторыя выбарчыя ўчасткі. Дык вось заўважана, што на галасаванне некаторых людзей аўтобусамі прывозяць, а навучэнцаў адпраўляюць галасаваць цэлымі групамі. Таму і такія паказчыкі высокія. Падчас гэтай выбарчай кампаніі нічога не змянілася. Улады дзейнічаюць па тым ж самым прынцыпе, што і раней. Да таго ж, калі высокія паказчыкі датэрміновага галасавання, то тады пры жаданні прасцей маніпуляваць бюлетэнямі».
РР: Наколькі, на ваш погляд, на самай справе для людзей цікавыя мясцовыя выбары?
«Неаднойчы людзі задавалі мне пытанне: «Скажыце, а навошта наогул праводзяцца такія выбары? Можа быць, гэтыя грошы лепш накіраваць на якія-небудзь дзіцячыя дамы, іншыя добрыя рэчы?» І я ў нейкай ступені з гэтымі людзьмі салідарны, бо мясцовыя саветы ў сучасных умовах у Беларусі практычна ніякай ролі не адыгрываюць. Гэта проста шырма для вышэйшых уладаў. Каб яны запрацавалі на самай справе, трэба адраджаць мясцовае самакіраванне і праводзіць празрыстыя выбары. Дэпутатамі павінны стаць сапраўдны аўтарытэтныя асобы, а не «прыбліжаныя». Вось тады на месцах будзе дэмакратыя», — адзначыў былы кандыдат на прэзідэнцтва.
РР: А ці ведае народ сваіх мясцовых абраннікаў?
«Сёлетніх кандыдатаў больш-менш ведаюць па ўлётках, а вось дзеючых практычна ніхто не называе. Такія вось фантомы. Я, напрыклад, таксама не ведаю сваіх дэпутатаў…»
РР: Рэальна такі нардэп нечым можа дапамагчы простаму чалавеку?
«Сумняваюся. Нашы дэпутаты ў асноўным дублююць мясцовую выканаўчую ўладу. Яны будуць рабіць тое, што скажуць», — мяркуе спадар Кастусёў.





