Кніга напісаная пра беларусаў і для беларусаў — як іх убачыў, зразумеў і адчуў сэрцам аўтар.

Доктар філалагічных навук, кандыдат гістарычных навук Аляксей Каўка — руплівы працаўнік на ніве беларушчыны, якому ў канцы 80-х гадоў выпала гуртаваць беларускую дыяспару ў Маскве праз створанае ім разам з групай аднадумцаў маскоўскае Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны. Гэтым выданнем адзначаны 25-гадовы юбілей Таварыства, заснаванага ў снежні 1988 г.

На прэзентацыі сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў беларускай дыяспары — стваральнікі таварыства і моладзь, а таксама расійскія навукоўцы, былыя калегі А. Каўкі, ад якіх прывітальныя словы сказала пані Інэса Яжбароўская, вядомая даследчыца расійска-польскіх адносін і аўтарка кнігі пра Катынь.

Прывабіла ўдзельнікаў сустрэчы і выстава беларускіх кніг, выдадзеных маскоўскімі беларусамі, сярод якіх творы Ф. Скарыны, Янкі Купалы, М. Улашчыка, альманах «Скарыніч» і іншыя. Частка з іх пасля прэзентацыі была падараваная бібліятэцы і будзе даступная шырокаму маскоўскаму чытачу.

Кніга «Мае беларусы» працягвае традыцыі беларускага творчага жыцця ў маскоўскай і расійскай прасторы, спалучае асабістае і агульнаграмадскае ў аўтарскіх клопатах, перажываннях і здзяйсненнях на палетку беларушчыны. Кніга прысвячаецца маці і пачынаецца з вельмі кранальнай тэмы бацькоў і сірочага дзяцінства («Мамін ручнік»). Уражваюць з кніжных старонак постаці родных сясцёр аўтара, блізкіх сваякоў, сяброў маладосці — людзей, працятых штодзённа зямнымі і вышэйшымі, духатворчымі памкненнямі.

Вылучаюцца ў кнізе партрэтныя замалёўкі з вядомымі постацямі творцаў нацыянальнай культуры: Зоська Верас — Л. Сівіцкая, К. Буйло, М. Улашчык, Я. Брыль, Ю. Туронак, М. Гайдук, Ул. Калеснік, М. Ермаловіч, Г. Каханоўскі, Г. Кісялёў, В. Скалабан, М. Сяднёў і іншыя, асабістыя ўражанні пра якіх, безумоўна, узбагачаюць традыцыі айчыннай мемуарыстыкі.

Бел-чырвона-белаю стужкаю праходзіць праз усе старонкі кнігі беларуская нацыянальная ідэя ў яе дзяржава- і культуратворчых парываннях, у гістарычным самасцверджанні краіны Беларусь у кантэксце адносін з найбліжэйшымі суседзямі — Расіяй, Украінай, Літвой і Польшчай. Гэтай жа беларускай пранікнёнасцю вызначаюцца і вершаваныя строфы-прысвячэнні калегам, сябрам-аднадумцам.

Не меншай увагі заслугоўвае прадстаўленая ў кнізе тэма «Беларуская Масква»: пра нашу культурна-творчую прысутнасць у Маскве цягам многіх стагоддзяў. На думку прысутных і выступоўцаў (І. Капчынская, Я. Шэгідзевіч, С. Магілявец, А. Улашчык, В. Чайчыц, Д. Зяньковіч), гэтая тэма вартая адмысловага выдання, з чым, на заканчэнне, пагадзіўся і А. Каўка, зазначыўшы, што меркаваная кніга, як і, напрыклад, ужо вядомыя грунтоўныя працы пра беларусаў Пецярбургу і беларусаў Вялікабрытаніі, стала б прыкметным сведчаннем нацыянальна-духоўнай сталасці нашых суродзічаў у Маскве. Прапанаваны праект падтрымалі і расійскія калегі-навукоўцы — прафесар І. Яжбароўская, Т. Конышава, М. Чахлоў.

Прэзентацыя прайшла ў цёплай добразычлівай атмасферы. Госці і выступоўцы адзначылі натхняльны характар кнігі Аляксея Каўкі «Мае беларусы» і пажадалі аўтару плённай далейшай працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?