Білеты на матч чэмпіянату свету па хакеі 2014 года Беларусь — ЗША, які адбудзецца 9 мая, прададзены цалкам. Аб гэтым, як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, заявіў 8 красавіка на пасяджэнні Савета бяспекі прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

Ён праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб праведзенай рабоце па падрыхтоўцы да правядзення чэмпіянату.

«Свой удзел у спаборніцтвах пацвердзілі ўсе 16 краін. За перамогу ў чэмпіянаце будуць змагацца каманды са Швецыі, Чэхіі, Канады, Славакіі, Нарвегіі, Даніі, Францыі, Італіі, Фінляндыі, Расіі, ЗША, Швейцарыі, Германіі, Латвіі, Казахстана і Беларусі. «Алімпійскі, сапраўды спартыўны прынцып перамог кан`юнктурныя і неканструктыўныя заклікі», — адзначыў Мясніковіч.

Паводле слоў прэм`ер-міністра, білетнай праграме была нададзена асаблівая ўвага. Улічаны вопыт, у тым ліку негатыўны, іншых краін, якія праводзілі падобныя чэмпіянаты. Цэнавая палітыка сфарміравана такім чынам, што матчы змогуць наведаць людзі з розным узроўнем даходаў. Так, на матчы папярэдняга этапу цэны складаюць ад 6 да 50 еўра, на матч фінальнай стадыі — ад 25 да 400 еўра.

Па стане на 7 красавіка прададзена і забраніравана 354 тыс. білетаў на «Мінск-Арэну» (75% ад умяшчальнасці) і 142 тыс. — на «Чыжоўка-Арэну» (67%). Замежным гасцям рэалізавана 70,5 тыс. білетаў. Асноўная доля продаж для замежных гасцей прыпадае на Расію і Латвію. Дастаткова вялікая цікавасць таксама праяўлена балельшчыкамі з Фінляндыі, Швейцарыі, Германіі, Славакіі. Грамадзяне гэтых краін на гэты момант выкупілі больш як па 2—3 тыс. білетаў.

Як адзначыў Мясніковіч, білеты на нярэйтынгавыя матчы будуць рэалізаваныя ў працоўных і студэнцкіх калектывах. «Работа арганізавана. Продаж білетаў са зніжкай дзецям і моладзі практыкуецца ўсюды пры правядзенні чэмпіянатаў. Гэта ўсталяваная практыка», — сказаў ён.

Вырашаныя таксама ўсе пытанні бязвізавага ўезду гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату. Вызначана 15 асноўных пунктаў пропуску цераз мяжу. На кожным з іх уведзены «зялёны канал». Пагранічныя пераходы ўкамплектаваныя супрацоўнікамі, якія валодаюць замежнымі мовамі. Адпрацаваны парадак разгляду спрэчных пытанняў.

Прынятыя рашэнні для таго, каб Мінск быў максімальна прывабны для турыстаў. У прыватнасці, зафіксаваны цэны на гасцінічнае абслугоўванне, а нумарны фонд гасцініц павялічаны больш чым у два разы. Усяго падчас чэмпіянату будуць функцыянаваць 43 гасцініцы на 9 тыс. 725 месцаў.

«Да чэмпіянату планавалася ўвесці ў эксплуатацыю 14 гасцініц. Дванаццаць з іх уведзены па стане на 31 сакавіка. Чатыры ўжо працуюць у паўнацэнным рэжыме, астатнія даступныя для браніравання. Да 14 красавіка будзе ўведзена гасцініца «Рэнесанс» і да 29 красавіка — гасцініца «Пекін», — праінфармаваў прэм`ер-міністр. — Усе гасцініцы адпавядаюць устаноўленым стандартам. На конкурснай аснове падабраны абслугоўваючы персанал».

Для размяшчэння гасцей чэмпіянату таксама будзе задзейнічана пяць інтэрнатаў у студэнцкай вёсцы больш чым на 5 тыс. месцаў. Вырашаны ўсе пытанні, звязаныя з адсяленнем на гэты перыяд студэнтаў без спынення вучэбнага працэсу. У рэзерве яшчэ знаходзяцца санаторыі і гасцініцы ў Мінскай вобласці на 2 тыс. 100 месцаў.

У перыяд правядзення чэмпіянату ў сталіцы будзе разгорнута шырокая сетка грамадскага харчавання. Дадаткова адкрыюцца сезонныя кафэ больш чым на 20 тыс. месцаў у дапаўненне да 75 тыс., якія ўжо ёсць. Распрацаваны спецыяльныя меню ў даступным цэнавым дыяпазоне.

Акрамя таго, каля Палаца спорту на працягу двух тыдняў чэмпіянату з 11 да 23 гадзін будуць працаваць кірмашы народных і мастацкіх промыслаў. У гэты ж перыяд госці беларускай сталіцы змогуць наведаць самыя папулярныя тэатры, кіназалы, музеі, выставачныя цэнтры — гадзіны працы ўсіх устаноў культуры будуць працягнуты ў вячэрні час сутак.

Гатовы да прыёму ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату і нацыянальны аэрапорт, значна павялічана яго прапускная здольнасць, адзначае прэс-служба прэзідэнта.

Дапамогу ў працы з камандамі, афіцыйнымі ўдзельнікамі і балельшчыкамі будуць аказваць больш чым 700 валанцёраў з ліку студэнтаў, якія валодаюць замежнымі мовамі. Яшчэ 190 студэнтаў медуніверсітэта будуць працаваць у брыгадах хуткай дапамогі і медпунктах.

Сфарміравана 20 брыгад неадкладнай медыцынскай дапамогі на аўтамабілях еўрапейскіх вытворцаў з вопытным персаналам, які валодае замежнымі мовамі. Распрацаваны схемы размяшчэння гэтых брыгад каля лядовых арэн. Медыцынскія кабінеты на саміх лядовых арэнах аснашчаныя неабходным абсталяваннем і лекавымі прэпаратамі. Вызначаны пералік арганізацый аховы здароўя, у якіх у выпадку неабходнасці плануецца аказанне тэрміновай медыцынскай дапамогі гасцям чэмпіянату.

«Сур`ёзныя інвестыцыі ў інфраструктуру і аб`екты горада дазволілі стварыць дадаткова больш чым 2 тыс. працоўных месцаў, вывесці на больш якасны ўзровень сферу гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, гасцінічнага сэрвісу, палепшыць транспартнае забеспячэнне. Усё гэта зроблена не толькі для чэмпіянату, але і для паляпшэння якасці жыцця гараджан. І ў перспектыве гэта прынясе дадатковыя дывідэнды нашай краіне», — падкрэсліў прэм`ер-міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?