«Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі» — грандыёзны выставачны праект, самы значны за гады незалежнасці. Ён паказвае мастацтва Беларусі як жывы і бесперапынны працэс, знітаваны з сусветным мастацтвам. Да ліпеня мы будзем мець унікальную магчымасць бачыць нацыянальныя скарбы, сабраныя разам.

Маштабнасць і эксклюзівы

У чым значнасць выставы? Па-­першае, большасць экспанатаў паказваецца ўпершыню. Сярод іх — унікальныя старадрукі, кшталту пратэстанцкай «Брэсцкай Бібліі», выдадзенай Мікалаем Радзівілам Чорным, — сведчанне нашай культурнай суб’ектнасці ў часы Рэфармацыі, або «Жазла праўлення» Сімяона Полацкага 1667 года выдання.

Тут багата абразоў і артэфактаў, нават мусульманскіх і юдэйскіх, ёсць творы мастакоў з сусветнымі імёнамі. Напрыклад, «Партрэт Тамаша Зана» пэндзля Валенція Ваньковіча — адзіная прыжыццёвая выява героя­філамата і адзіны твор Ваньковіча ў Беларусі. Ёсць карціна Абрама Маневіча «Віцебск» і «Акно» Паўла Южыка, па адной карціне Марка Шагала і Хаіма Суціна. Многім экспанатам спатрэбілася грунтоўная рэстаўрацыя. Нават добра вядомыя творы са сталай экспазыцыі Мастацкага музея заззялі па­новаму.

Па-­другое, ніколі раней не збіралася для паказу такая маштабная экспазіцыя прадметаў мастацтва Беларусі за дзесяць стагоддзяў — ад часоў Візантыі да сучаснасці! А гэта паўтысячы твораў і артэфактаў розных эпох. У праекце ўдзельнічаюць амаль усе музеі краіны, а таксама прыватныя і карпаратыўныя калекцыі. Да выставы быў выдадзены каталог на трох мовах, падрыхтаваныя аўдыёгіды для індывідуальнага і сямейнага наведвання выставы, у рамках праекта запланаваныя канцэрты і кінапрагляды…

Дзе Сяўрук, Волкаў і Маркавец?

І па-­трэцяе — нам дэманструюць зусім новы культурны дыскурс, найноўшую версію таго, што мы мусім цаніць. Пытанні нарастаюць, калі мы, прамінуўшы шыкоўную экспазіцыю шляхецкае культуры ХІХ ст., рушым далей… Чаму творчасць Язэпа Драздовіча прадстаўленая толькі адным творам «Прарок», а Марка Шагала — дзвюма карцінамі і каляровай літаграфіяй?

Чаму наогул няма, напрыклад, твораў Міхася Сеўрука? Высвятляецца, таму, што ён хоць і нарадзіўся ў беларускай сям’і, але… у Варшаве!

Нечаканае адкрыццё: на выставу наогул не трапілі мастакі, якія не мелі шчасця нарадзіцца ў цяперашніх межах Рэспублікі Беларусь! А гэта не толькі Сяўрук, які ўсё свядомае жыццё пражыў у Беларусі, але і, напрыклад, народныя мастакі Беларусі — Валянцін Волкаў, што напісаў славутае палатно «Мінск. 3 ліпеня 1944 г.», і Сяргей Селіханаў, скульптар, які стварыў мэмарыял у Хатыні! Дзіўна было не ўбачыць творы скульптараў Керзіна, Глебава і Бембеля, жывапісцаў Зайцава, Мазалёва і Кішчанкі, графікаў Ахола­-Вало, Лось і Паплаўскага… Вось такі дзяржаўніцкі нацыяналізм арганізатараў. То бок, тыя, хто нават з Віленшчыны, Смалешчыны ці з Падляшша, — ужо больш не нашы.

Не трапілі ў экспазіцыю творы тых, хто жыў пад нямецкай акупацыяй: Цiхановiча, Даўгялы, Гуткоўскага, Дучыца, Шыбнёва, Звiнагродскага, Каржанеўскага.

Не выставілі і творы мастакоў недастаткова лаяльных да цяперашняе ўлады: нават вялікіх ужо нябожчыкаў Міхася Рагалевіча ды Віктара Маркаўца… Няма і твораў тых, хто сёння жыве ў іншых краях: Андрэя Задорына, Ігара Цішына, Ігара Кашкурэвіча.

Цуды для знаўцаў

Ведама ж, мне вялікую асалоду прынесла знаёмства з «Евай» Суціна і «Гадзіннікам на палаючым небе» Шагала! Упершыню большасць гледачоў можа ўбачыць твор Міхаіла Кікоіна, чые школьныя гады прайшлі ў Мінску. Але іх варта было б выстаўляць у большай прасторы, каб глядач мог адступіць хоць на пару метраў. На экспазіцыі іх згрувасцілі, як на паліцах у гастраноме.

Тут можна ўбачыць дзівоснага хараства абразы і скульптуры са збораў Гродна, Полацка, Гомеля, Віцебска, Веткі. Гэта сапраўдныя цуды для знаўцаў.

Але… чаму не пазначаныя на цэтліках ані храмы, з якіх паходзяць гэтыя рэліквіі, ані нават мясцовасці, адкуль іх вывезлі?! Адкуль гэта: з касцёла ці царквы, з Маларыты ці з Дрысвятаў? Хіба ж так робіцца ў сур’ёзных установах?

Была ўнікальная магчымасць паказаць і іншыя творы, што схаваныя ў запасніках на цэлыя пакаленні! Штосьці ўдалося, нешта — не. Першыя залы пераўзышлі чаканні, апошнія — расчароўваюць. Лішні доказ банальнай ісціны пра немагчымасць ахапіць неахопнае. Але і сённяшняя выстава — вялізны прарыў у параўнанні з тым, што дазволена было ў савецкія часы.

Зрэшты, хто б сабе ўявіў нават і пару гадоў таму, што кіраўнік «Белгазпрамбанка» выгукне на адкрыцці «Жыве Беларусь!»? Можа, яшчэ праз пару гадоў яго рэфрэнам падхопяць гледачы і астатнія чыноўнікі? І тады доўга будзе біцца рэхам наш покліч між калонаў Нацыянальнага мастацкага музея, над якім будуць лунаць нашыя сцягі…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру