Натрапіў у Фэйсбуку на здымкі з Аральскага мора. Дакладней, з Муйнака, горада і калісьці паўвыспы, вакол якіх, гэта добра вядома, тое мора было…

Звычайна ў такіх выпадках гавораць «нахлынулі ўспаміны». Але я ўбачыў карабель пасярод пустыні. І зразумеў, што ані ў якія ўспаміны ён не адплываў, проста апусціўся на дно…

Па нейкім дзіўным супадзенні карабель завецца «Белоруссия»,

хаця на здымку назвы не відаць. Ды і адкуль яна на саржавелым касцяку? Некуды падзелася разам з морам. Але я ўпэўнены, што гэта менавіта «Белоруссия» — невялічкі рэфрыжэратар для перавозкі замарожанай рыбы.

Толькі вось што марозіць? Рыбы няма. Увесь флот, што заўжды здабываў рыбу ў заліве, — на беразе. Уздоўж берага нерухома ляжаць на спякоце дварнякі, утыкнуліся пысамі ў гнілаватую ваду, на якой павольна гойдаюцца вадарасці. Калі-нікалі трусіць мімаходам ішак з вязанкай чароту на спіне. Сабакі цяжка ўздымаюць галовы і зноўку — пысамі ў ваду.

Заліў створаны Амудар’ёй, але жывой вады ў ім усё меней і меней, бо ўсё болей і болей адбіраецца яе на арашэнне баваўняных палёў. Недзе ў плаўнях яшчэ варушыцца сёе­тое жыццё, можна нават сустрэць тыгра. А ў Муйнаку, акрамя сабак, ішакоў ды свінняў, што рохкаюць у гарачым пяску проста пасярод вуліц, жыцця няма. Мо толькі яшчэ ў сталоўцы, дзе побач з апустошанымі бутэлькамі з­-пад гарэлкі спяць тварамі ў талерках з халоднымі макаронамі заезджыя ў пошуках працы людзі.

Ці ж гэта жыццё?

Мы з Гольбай таксама заезджыя. Але жывём у Квашыных. Спім у прахалодзе, сёрбаем украінскія баршчы, ямо разварыстую — дзіва, як яна тут расце! — бульбу.

Квашын грошы з нас не бярэ. Ды й з чаго ўзяць? Акрамя таго, што я зарабіў папярэднім настаўніцтвам у піянерлагеры, у нас нічога няма — толькі на зваротную дарогу. Намер, праўда, быў шыкоўны — зарабіць на ўлове рыбы, на траўлерах, сейнерах… «Звёздные мальчики», знакамітая па тым часе аповесць Васіля Аксёнава, рабілі сваю справу. Толькі вось да якога месца Квашыну тыя «мальчики»?! Студэнты, 1963 год… Калі што сапраўды да месца, дык гэта запіска Лёні Макаранкі, сваяка Квашына і нашага сябра. Жывём, чакаем, пакуль з’явіцца якая нагода разлічыцца, скончыць з нахлебніцтвам…

Насамрэч, проста жывём.

Аднойчы ўлезлі ў нейкую спрэчку паміж мясцовымі хлопцам і дзяўчынай, заступіліся за яе. Увечары невялікі натоўп прыціснуў нас да белай сцяны, з хаты выбег той хлопец – у трусах, далоні абмотаны нейкімі анучамі, падскоквае, размахвае нажом, вішчыць: «Што, жыць надакучыла? Тут край свету, ніхто не знойдзе…» Раптам нехта з натоўпу выгукнуў: «Пачакай. Яны ў Квашыных гасцююць…» – «У Квашыных?!»…

Квашыны тут — найвялікшы аўтарытэт, закон і парадак.

З сям’ёй сасланых на Муйнак украінскіх кулакоў, што, як я цяпер разумею, выратавала іх ад Галадамору. Муйнак спрадвек ссыльнае месца — ад Кацярыны ІІ, што ўтварыла тут рэзервацыю пракажоных, а потым саслала пугачоўскіх казакаў. Але ў рэшце рэшт ссыльныя ды іх нашчадкі зладзілі на Муйнаку сваё, сяброўскае з каракалпакамі, разумна-­працавітае жыццё. У асноўным, на ўлове і пераапрацоўцы рыбы. Ды якой! Ад печкуроў да асятроў. Толькі вось сыходзіць вада…

Камбінат, што праўда, нешта яшчэ перарабляе ў кансервы. І Квашын нарэшце прыстроіў нас збіваць пад іх скрыні. Першую збівалі больш за гадзіну, хаця, здавалася, што тут складанага — бі ды бі… Спякота, плюс 50 ў цяні, але ценю няма. Нават слова такога няма. Толькі «халадок». Дасведчаныя збівальшчыкі з «халадка», то бок з навеса, і пачынаюць. Але нам так карцела хутчэй зарабіць!

Кінулі скрыню на зямлю — яна і развалілася. Паглядзелі адзін аднаму ў вочы і — на мора.

Мора!

Што ні дзень — мора…мора… мора…

Гольба — мастак, на кашулі вышытая галубка Пікаса, робіць на паперках нейкія замалёўкі. Раптам бачыць над абрывам чалавека з эцюднікам, цішком падыходзіць, становіцца ззаду: «Ці ж трава зялёная, а мора сіняе? Наадварот, трава сіняя, а мора зялёнае. Не бачыце?» Чалавек, усходні па знешнасці, вузіць вочы, спрачаецца. А я гляджу на мора і ніяк не магу дакладна пазначыць ягоны, быццам з нейкай іншай планеты, колер. Такога колеру, мусіць, на Зямлі больш няма.

…Знясіленыя спёкай, мы дапамагаем зносіць у трум «Белоруссии» скрыні з кансервамі, за што стары капітан у белым кіцелі і фуражцы з «крабам» абяцаў даставіць нас да Аральска, праз усё мора. Пляшку гарэлкі ўзяў з годнасцю прафесіянала, бы сапраўдны марскі воўк, падняўся ў сваю рубку. Больш мы яго не бачылі.

Мы ўвогуле больш нікога не бачылі на тым караблі акрамя адзін аднаго і жанчыны з дзіцём, што везла ў Аральск ці не з дзясятак бітонаў з агромністымі пунсовымі памідорамі.

Праплылі дзень, надвячоркам Гольба забіўся ў куток цеснага кубрыка, а я ўлёгся спаць на палубе, у ратавальнай шлюпцы. Доўга ўглядаўся ў чорнае, спрэс у буйных зорках неба. Такіх блізкіх, што, здавалася, ліхтары на мачце літаральна плывуць сярод іх. Поўнае адчуванне Космасу, тваёй асабістай еднасці з ім.

Час ад часу па небе праносіўся нейкі вогненны шлейф, за ім — гулкае вухканне. Я ўжо ведаў, што недзе побач тут выспы Адраджэння, дзе, па чутках, вырабляюць ды выпрабоўваюць касмічную, а трохі далей, недзе ў Казахстане, пад зямлёй, і ядзерную зброю. Мы бачылі тыя выспы, калі плылі на Муйнак. Але зараз ноч, зоркі, неба…

Апоўначы на твар пападалі першыя пырскі…

Такое мо здараецца раз у жыцці — калі душа з касмічнай хуткасцю адлятае да Бога і ў той жа момант звяргаецца ў чорнае пекла, а цела ледзь трымаецца за металічныя парэнчы ў бясконцым і безнадзейным чаканні душы… Гольбы няма. Нікога няма. Чорная вада, белая пена ды памідоры, што катаюцца ў пене разам з бітонамі ад носа да кармы і ад кармы да носа…

Толькі ў Мінску зямля супакоілася пад нагамі.

…Колькі ж нам яшчэ плыць на караблі пад назвай Зямля?

Бо, калі сапраўды нехта ўглядаецца ў нас, як мы ўглядаемся ў Марс ці Венеру, і бачыць касцяк карабля пасярод пустыні, дзе яшчэ нядаўна плёскалася і бушавала адышоўшае ў нябыт мора, наўрад ці атрымае станоўчы адказ на пытанне, ці ёсць жыццё на Зямлі…

Яшчэ мора, 1963 г.

Яшчэ мора, 1963 г.

Яшчэ заліў, з архіва аўтара

Яшчэ заліў, з архіва аўтара

Квашыны, з архіва аўтара

Квашыны, з архіва аўтара

Мой сябра — Гольба, з архіва аўтара

Мой сябра — Гольба, з архіва аўтара

Рыбакансервны камбінат, 21 ст.

Рыбакансервны камбінат, 21 ст.

Прыплылі… 21-е ст.

Прыплылі… 21-е ст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?