От юності моея мнозі борют мя страсті

У той злашчасны ранак, калi ў мяне ўпершыню пайшла кроў, а для мужчын, як вядома, гэта не надта фiзiялагiчна, я зразумеў, што надышла i мая чарга. Кон быў зусiм не мiласэрны да мужчын майго роду. Вoсь i цяпер, напiўшыся крывi старэйшага брата, фатум шчыльна ўзяўся за мяне.

Чытач мо не адразу здагадаўся, пра штo я вяду гаворку, дык я патлумачу. Усе мужыкi маёй сям’і, дасягнуўшы 30­гадовага веку, памiралі ад раку простай кiшкi. Старыя цёткi, гэтая паршывая, зненавiджаная мной супольнасць фемiнiстак, якiя атачалi мяне з самага нараджэння, лiчылі, што ўсяму вiной даўнi праклён.

Казалi, нiбыта два стагоддзi таму гаротная помслiвая мацi сыпанула з замоваю гарачых галавешак на след майго далёкага пра…прадзеда Амелькі, бо ён кiнуў яе цяжарную дачку. Падманутая, намучыўшыся ў марных спадзяваннях, што Амелька яе возьме, нейкiм шкляным аскялёпкам узрэзала сабе жылы. «Заякочаш ты, кныр чортаў, ад болю, заенчыш у пакутах», — кляла ўголас старая, а Амелька толькi смяяўся. Цi мог вялiзны, плячысты, жадны да жыцця i жанчын асiлак верыць у чары? На вёсцы ён быў самы моцны, сплаўляў бярвенне на плытах, i дужасцi яму нi на што не бракавала. Зверына яго ў лесе баялася. Здаралася, капане адной нагой звера ў пастцы на паляваннi — і скончыцца небарака. Але як мiнула Амельку трыццаць, дык i сiлы ягoныя на спад пайшлi. Высах і сканаў. Як зацурчэла ў яго кроў з таго самага месца, як заструменiлася — нiчым не спынiць. I цявiнне палыну з чартапалoхам прыкладалi яму туды, i ваду лячылi — нiшто не магло даць рады. Скемiў бядак, што ўсяму вiной правiна ягоная, i наважыўся iсцi да мацi­чараўнiцы. Як угледзела старая яго на парозе, дык выгнала прэч, услед дадаўшы: «Памрэш ты, злыдзень, праз сoрак дзён, і доля такая ў вашай сям’i па сякеры пойдзе. За кроў маёй дачушкi расплачвацца ўсе жанiхайлы будуць».

Не надта я верыў гэтай ахiнеi. Зашмат чытаў i бачыў за няпоўныя два гады навучання ў медычным унiверсiтэце. Ведаў пэўна: прычынаю злой пошасцi была мутацыя ў адным з генаў 18­й храмасомы, якi абмяжоўвае пухлiнны рост. 30 гадоў — гарманальна актыўны век, таму многiя пухлiны i растуць. Нiчога дзiўнага.

 2.

У прасторным цагляным доме на два паверхi я застаўся адзiн. Мацi, братава ўдава і дзядзькава ўдава рана паехалi на лецiшча. На iх думку, студэнт морыцца ад вучобы, i яму трэба высыпацца. Таму не сталі мяне будзіць (маразм жаночага выхавання) i незаўважна сышлi з хаты. Прачнуўшыся, я доўга качаўся ў ложку. Уваччу стаялі кропельніцы, iн’екцыi розныя ды непатрэбныя таблеткi i дактары. Гэта мяне чакала ўжo ў хуткiм часе. Дзiўная рэч: табе нiчога не балiць, але ты ведаеш, што памрэш. Паласа крывi на «рэштках метабалiзму» скарала i не давала ўстаць. Закрываючыся коўдраю, я змушаў сябе заснуць, хоць i не ўдавалася. З дальняга, кутняга столiка пад абразамi трывожна пазiралi на мяне партрэты нябожчыкаў. Тату я не памятаў: рак забраў яго праз год пасля майго нараджэння. Каля партрэта бацькi, трохi лявей i ззаду, стаяў дзедаў партрэт. Ускудлачаная рудая галава з рабацiннем на твары, рызыкоўная пастава (стаяў на парэнчы моста аднанож з выцягнутымi ў бакi рукамi) рабiлі ўражанне наiўна­гарэзлiвага бесклапотнага юнака. Найбольшым партрэтам, які нават захінаў iншыя, быў партрэт майго брата. Заўчора па iм адпраўлялi гадавiну. Пошасць не мiнала нiкога. Праўда, кожны, ведаючы пра свой незайздросны лёс, паспяваў ажанiцца. Па смерцi мужоў жанчын ужо нiхто не браў, бо баялiся падобнай долi, таму яны заставалiся жыць у нашай хаце.

 3. 

Спакваля бралася на змярканне. За цэлы дзень я так нiчога i не зрабiў, праваляўся ў ложку, нават не ўзяўся есцi. Знадвoрная цемень ахiнала прастор, хавала пачварствы горада i заклiкала на волю ўсiх заганных i пракажоных. Я пайшоў з гэтай выклятай чортавай хаты, пакiнуўшы яе парoжняй. Адамкнуў гараж i прывiтаў старэнькі зялёны «Жыгуль», які купiў яшчэ мой дзед у 75­м i якi, дзякуючы рупнасцi брата­зваршчыка, не заржавеў i не развалiўся. Я заправiў ягo, залiў аліву, праверыў радыятарную вадкасць, паспрабаваў завесцi. Праз некалькi хвiлiн я ўжo ехаў самотным, забытым Богам горадам. Начное ваджэнне дзейнiчала супакаяльна, змушала засяроджвацца i пачувацца абарoненым. Рокат рухавiка неяк прытупляў душэўны боль i перажываннi. Паездка не мела мэты, вось ужо пятнаццаць хвiлiн я кружляў вакол старасвецкай плошчы з касцёлам, ратушай i царквой. Урэшце надакучыла, i я звярнуў улева, на не вельмi язджалую дарогу, якая хутчэй за ўсе астатнiя вяла з гoрада. Паабапал яе стаялi аднапавярхoвыя мураваныя камянiцы ХІХ стагоддзя — местачковы кірмаш, дзе ўдзень прадавалi гарoднiну, курэй i свiней. Праз кiламетры два рынак сканчаўся, дарога рабiла ўвiлiсты круты паварот на шашу. Часам недасведчаныя маладзёны, ладзячы тут аўтаралi, з’язджалi з адхону ў плыткую рэчку i забiвалiся. Едучы гэтаю дарогай, я ўбачыў белую пляму акурат пасярод яе. Я сцiшыў хуткасць, выключыў дальняе святло фараў i пад’ехаў блiжэй. Пасярод дарогi стаяла дзяўчына. Яе постаць была ўвасабленнем той сапраўднай прыроднай прыгажосцi, якая часцяком прыходзiць начамi да 14—15 гадовых падлеткаў. Доўгiя хвалiстыя чорныя валасы хавалi плечы, пад паркалёвай сукенкай знаць былі смочкi грудзей, талiя, што перашчыкнуць, пераходзiла ў шырокiя пругкiя клубы.

— Абрыдла жыць? — злосна выгукнуў я.

— Не табе вырашаць, боўдзiла. Што стаў, каціся далей, — хрыпата выстрэльвала дзяўчына. Нейкая падазроная штучнасць адчувалася ў яе голасе, быццам гэта ёй надыктоўвалi.

Мяне гэта толькi распальвала i ўзрушала. Што мне было губляць? Ейны пракураны галасок, а таксама спецыфічны, уласцiвы толькi курцам, колер скуры выдавалi прафесiю начной феi.

— Цi, можа, ты па дзелу спынiўся? — з юрлiвай усмешкай працягвала яна. — Але, мяркуючы па «Жыгулю», дзялоў у цябе нiякiх быць не можа.

— Давай, сядай у машыну, а там разбяромся, — адрэзаў я.

Яна чамусьцi адразу села.

— Толькi ты … гэта, ужo пасля забi мяне i дзесьцi закапай. Так што можаш не плацiць.

Яна мяне агаломшыла. У ейным голасе, якi кардынальна змянiўся ў машыне, стаў кволым i лядашчым, было столькi роспачы, што мне стала яе шкада. Узнiкла нейкае пачуццё, быццам я яе ведаю.Даўно ведаю.

— А ты Юрасём завешся. Я цябе пазнала адразу. Я ж на першым курсе вучуся ў медзе. З раёна прыехала, не былo грошай, i мы з дзяўчатамi часта стаялi тут, на выездзе. А заўчора я даведалася, што ВIЧ­iнфiкаваная.

Раптам машына як бы некуды правалiлася. Гэта была яміна, якую я не заўважыў, але выбрацца з яе шанцаў ужo не было. Я адкiнуў крэслы назад, аберуч узяў дзяўчыну за талiю і пасадзiў да сябе на каленi. Абхапiўшы маю шыю, яна закрыла мне твар валасамi. Нашы вусны судакранулiся, а ў вачах з’явiўся цьмяны агеньчык надзеi. Я вадзiў даланёй па паяснiцы i пяшчотна спускаўся да клубоў i нiжэй. Жарсць прыходзiць незаўважна, але калі яна авалодвае чалавекам, спынiць яе немагчыма. Нам абаiм было па васямнаццаць, i мы вельмi хацелi жыць…

 4. 

Пасля гарачых i салодкiх хвiлiн здарыўся цуд. Цi то ад мiлосных здрыгаў i калыханняў «Жыгуля», цi проста ад шанцавання, але нам удалося выкараскацца з пясчанага раўчука. Дзяўчына ўнiкала сустрэчы позiркаў, быццам тая, на дарозе, i гэта сарамлiвая дзяўчынка былi розныя.

— Як зваць цябе? Я i папытаць забыўся, — схамянуўшыся, прамовiў я.

— Вера. Завязi мяне дамоў, я тут непадалёк жыву, у Вярховiне, — цiха прасiла яна.

Мы даехалі да ейнай вёскi. Паволi свiтала. Я пацалаваў яе на развiтанне.

— Ты… тэлефончык мне б пакiнула, — я рэзка сказаў ёй услед. Вера, стоячы перад веснiцамi, азiрнулася.

— Вядома, — цiха адказала яна.

 5. 

Барадаты каланаскапiст, скончыўшы працэдуру, са службова­з’едлiвай усмешкай пазiраў на мяне. Я, працяты мiтрэнгаю, моўчкi чакаў выраку. Доктар, не спяшаючыся, паклаў эндаскоп у дэзраствор, паглядзеў у фортку, азiрнуўся i запытаў:

— Ты выпадкам грузчыкам не робiш? Цi, можа, са штангай дурэеш?

— Ну так. Часам штангу цягаю.

— Дык пакiнь. Тут такая справа далiкатная: гемарой у цябе.

Шчасце палiлося цераз край. Мне хацелася надзьмуцца, бы паветраны шар, i ўзляцець. Што такое гемарой у параўнаннi з ракам? Бы насмарк i сухоты. Раку не было, а значыць, можна было жыць i, адпаведна, кахаць.

— Так што супазiторыi папрымяняеш тыдзень. I запомнi: нiякiх фiзiчных перагрузак.

— Дзякуй. Можна ўжо iсцi? — шчаслiва запытаў я.

— I яшчэ, тут цябе папрасiлi пераздаць аналiз на ВIЧ. Ты не турбуйся, памылкi часта здараюцца. Так што, будзе час, сходзiш i здасi аналiзы.

Я знаў — памылкi быць не магло. Вера — ВIЧ­станоўчая, а я, верачы ў тое, што хворы на рак, не засцерагаўся. Ад ВIЧ не памiраюць адразу, могуць мiнуць дзесяцiгоддзi, пакуль разаўецца падступна­вераломны СНIД. Дый, паводле сямейнага падання, мужыкi майго роду паміраюць у трыццаць. Сёння мне васямнаццаць, а значыць, дванаццаць гадоў шчасця — мае законныя.

***

Мікіта Волкаў. Нарадзіўся ў Барысаве. Студэнт Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта. Наведвае Школу маладога літаратара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0