Суд Партызанскага раёна горада Мінска вынес сёння прысуд у дачыненні да былога дырэктара СТАА «ОКСЕСінвест» за падбухторванне да дачы хабару і махлярстве ў асабліва буйным памеры, паведаміла старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ крымінальнай міліцыі МУС Беларусі Вераніка Пасмецьева.

Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС затрымалі ў верасні 2012 года дырэктара інвестыцыйнай кампаніі СТАА «ОКСЕСінвест» за падбухторванне дырэктара іншай замежнай прыватнай кампаніі да дачы хабару ў памеры $5 млн. Грошы нібыта патрабаваліся за вырашэнне пытання аб набыцці патэнцыйным інвестарам ва ўласнасць 279 га зямлі паблізу вёскі Лапаровічы і, паводле яго слоў, для іх далейшай перадачы службовым асобам Адміністрацыі прэзідэнта і Мінскага аблвыканкама.

Як высветлілі аператыўнікі ГУБЭЗ МУС, СТАА «ОКСЕСінвест» было зарэгістравана рашэннем Мінгарвыканкама ў снежні 2009 года і ўжо праз два месяцы па рашэнні Мінаблвыканкама дырэктар таварыства атрымала дазвол на рэалізацыю праекта па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю пасёлка малапавярховай жылой забудовы з аб'ектамі абслугоўвання, камунікацыямі і аб'ектамі сацыякультурнага побыту паблізу вёскі Лапаровічы ў Мінскім раёне, агульным лікам зямлю плошчай 279 га.

Згодна з праектам, увесь аб'ём інвестыцый складаў каля 430 млн еўра, з якіх большую частку павінны былі ўкласці прыватныя дольшчыкі і іншыя забудоўшчыкі сацыякультурных аб'ектаў, а ад самога інвестара патрабавалася ўкласці каля $7 млн. Аднак, як было ўстаноўлена, больш за два гады праект па забудове элітнага пасёлка (стварэнне адзінай сістэмы інжынерных сетак, унутрыквартальных дарог, зон адпачынку, школ, дзіцячых садоў, АЗС, гіпермаркета, паліклінікі і інш) у названым раёне ляжаў мёртвым грузам, а сам дырэктар інвестыцыйнай кампаніі шукаў пакупнікоў на 279 га дзяржаўнай зямлі. І такі пакупнік знайшоўся. Злачынная задума сарвалася толькі дзякуючы ўмяшанню праваахоўнікаў. Дырэктара інвесткампаніі затрымалі ў момант перадачы яму $5 млн.

Акрамя таго, ужо ў рамках расследавання крымінальнай справы следчыя органы ўсталявалі і іншыя факты супрацьпраўнай дзейнасці падазраванага. Ён вымагаў у чэшскіх інвестараў буйныя сумы грошай, якія нібыта таксама патрабавалася перадаць службовым асобам Адміністрацыі прэзідэнта і Мінаблвыканкама за спрыяльнае вырашэнне пытання ўсё па тым жа інвестыцыйным праекце. Як стала вядома, ніякіх грошай нядобрасумленны інвестар нікому з службовых асоб перадаваць не збіраўся, а хацеў нажыцца такім чынам.

Сёння суд Партызанскага раёна Мінска прысудзіў былога інвестара за падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры (ч.5 арт.16, ч.2 арт.431 КК) і за махлярства ў асабліва буйным памеры (ч.1 арт.14, ч.4 арт.209 КК) да пяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны ва ўстаноўленым законам парадку на працягу 10 дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?