Гістарыяграфічная творчасць Анатоля Тараса дастаткова тыповая для нашага часу і адначасова новая ў беларускай прасторы.

Тыповая тым, што ў познеіндустрыяльную эпоху стала даволі лёгка (танна, хутка, без рэдактуры і рэцэнзавання) выдрукаваць кнігу і гэтай справай шмат хто пачаў займацца. Навізна для Беларусі ў тым, што

літаратура такога тыпу ў нашай краіне з’явілася не так даўно і прадстаўленая не надта колькасна. Маюцца на ўвазе працы па гісторыі, напісаныя непрафесійнымі гісторыкамі, і набыўшыя пэўны розгалас.

Апрача А.Тараса, тут можна згадаць хіба працу В.Дзеружынскага.

Калі на беларускім кніжным рынку пачалі адна за другой з’яўляцца кніжкі па гісторыі Беларусі (ад 2006 г.), аўтарам ці складальнікам якіх быў Анатоль Тарас, гісторыкі аднесліся да гэтага стрымана. Прынамсі ніводнай рэцэнзіі ці якой друкаванай рэакцыі з боку прафесійных гісторыкаў мне не траплялася (толькі даволі адмоўна ацаніў творчасць А.Тараса мовазнаўца і літаратар Пётра Садоўскі).

Аднак прайшло ўжо некалькі гадоў як А.Тарас пачаў друкаваць кнігі і часопісы на гістарычную тэматыку ды весці актыўны менеджмент сваёй прадукцыі і ўласнай асобы: праз канферэнцыі, публічныя лекцыі, інтэрв’ю, стварэнне розных арганізацый.

У пэўны момант А.Тараса стала занадта шмат у публічнай прасторы, каб надалей яго ігнараваць. Якраз з’явілася зручная для аналізу аб’ёмная праца

– квінтэсэнцыя гістарыяграфічнай творчасці гэтага ўжо сталага векам аўтара (у 2014 г. юбілей – 70 гадоў),пад назвай «Кароткі курс гісторыі Беларусі» (тут відочная аналогія з вядомым творам Іосіфа Сталіна).

У прадмове да кнігі аўтар папярэджвае пра сваё суб’ектыўнае бачанне мінуўшчыны,

менавіта, пра беларускую гісторыю ён піша, выбіраючы ў кожным канкрэтным выпадку адзін з некалькіх варыянтаў «апісання мінулага», які яму здаецца найбольш праўдападобным (с. 3).

Ад самага пачатку чытання кнігі непрыемна ўражвае агульная танальнасць аповяду. На чытача адразу выплёскваецца хваля агрэсіі.

Катэгарычнасць аўтарскага тону часам мяжуе з апломбам, а вастрыня крытыкі іншых поглядаў і непрыемных аўтару асобаў набліжаецца да лаянкі (праз такія выразы як «болтуны», «трусы», «нерасторопные и трусливые выходцы из деревень», «продажные твари»).

Анатолий Тарас.

Анатолий Тарас.

Расейская імператрыца Кацярына ІІ, ад якой, паводле А.Тараса, ягоны продак атрымаў пацверджанне шляхецтва – «нямецкая шлюха» і г.д.

Дастаецца і сваім, як гісторыкам, палітыкам так і «беларускім адраджэнцам».

Агрэсія струменіць ва ўсе бакі, выліваецца за межы краіны і абрынаецца на суседзяў. Паводле А.Тараса, большасць польскіх гісторыкаў, журналістаў, палітыкаў, пісьменнікаў лічаць Беларусь усяго толькі ўсходняй ускраінай Польшчы, а беларусаў – часткай польскага народа (с. 10). Гісторыкі Летувы мэтанакіравана падтасоўваюць факты і меркаванні, «часто вообще пишут откровенную ложь» (с. 11). Найгоршая з усіх - расейская гістарыяграфія (с. 13-15). З украінскай гістарыяграфіяй аўтар, здаецца, не паспеў пазнаёміцца, але дае дыхту і украінцам. Паўстанцы Налівайкі «были убийцами и садистами, выродками рода человеческого, охваченными манией всеобщего разрушения и сеяли вокруг себя только смерть!» (с. 246). Казакі Хмяльніцкага – бандыты (с. 263).

З першай старонкі Уводзінаў можна здагадацца пра цьмянае разуменне А.Тарасам метадалогіі гістарычнай навукі, якую ён блытае з канцэпцыяй гісторыі, таму смела яднае канцэпцыю цывілізацый Арнольда Тойнбі з тэорыяй этнагенезу Льва Гумілёва (с. 5).

Ад пачатку і да канца кнігі амаль на кожнай старонцы сустракаюцца дробныя і буйныя недакладнасці,

памылкі, неабгрунтаваныя, часам проста фантастычныя высновы, адзін толькі пералік якіх займе з дзесятак старонак. Таму тут буду казаць толькі пра некаторыя з іх, найбольш характэрныя.

Спецыяльная гістарычная адукацыя, якой відочна бракуе А.Тарасу, бывае карысная яшчэ тым, што дапамагае адрозніваць сапраўды навуковыя тэксты ад несапраўдных.

Адчуваецца, што сп. Анатоль чытаў усё без разбору, а потым пераносіў у свае творы выбранае паводле ўласнага разумення. Адсюль

абазнаны чытач знойдзе ў яго кнізе шмат дзіўных і недарэчных сцвярджэнняў адносна этнічнай і рэлігійнай гісторыі Беларусі.

Напрыклад, крывічы (паводле прафесара Георгія Штыхава –»усходнеславянскія этнічныя супольнасці (пранароднасці)» (Штыхаў Г.В. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі. Мн., 1992. С. 107.), у А.Тараса: «восточные балты бассейнов Двины и Днепра, славянизировавшиеся в процессе общения с варягами» (с. 35) Варагі ў А.Тараса «носители славянской культуры» (с. 40); яны прынеслі славянскую мову, якую з замкаў і гарадоў пераймала мясцовае насельніцтва (с. 49). Аднак: «Вплоть до XIV в. кривичи-полочане говорили на своем диалекте балтского языка. Их жрецы использовали особый тайный язык. Правящая верхушка (русь) – говорила на диалекте славянского языка» (с. 87).

Па А.Тарасу дрыгавічы – балты, бо палілі нябожчыкаў (с. 50). Мовай радзімічаў таксама быў адзін з яцвяжскіх дыялектаў (с. 56). Самыя яцвягі– нашчадкі готаў (с. 54, 105); «літва» – адно з яцвяжскіх плямёнаў, а ў старажытнасці гэтым словам называлі воінскую дружыну (с. 104 – 105). Да 14 ст. нашыя продкі выкарыстоўвалі рунічнае пісьмо (с. 72), а Русь была варажскай яшчэ ў 15 – 16 ст. (с. 178).

Паводле А.Тараса, нашыя продкі ў старажытнасці прыносілі ў ахвяру багам людзей (с. 67); хрышчэнне крывічоў і дрыгавічоў пачалося на 150 – 200 гадоў раней, чым жыхароў Кіеўшчыны (с. 70). Аўтар сцвярджае, што асноўная частка ВКЛ «исповедовала христианство арианского толка – еще со времен Полоцкого княжества с его варяжскими князьями» (с. 155, 220). А ў сённяшнім заняпадзе беларускай мовы вінаватыя заводы і фабрыкі (с. 507).

Няпраўда, што ў Наваградку панавала хрысціянства з моманту заснавання г.зн. з канца 10 ст. (с. 109). Паводле дакладных даных археолагаў, хрысціянства з’явілася ў гэтым горадзе, як і ў астатніх панямонскіх гарадах, у другой палове – канцы 11ст. (Гуревич Ф.Д. Древние города Белорусского Понеманья. Мн.: Полымя, 1982. С. 19).

Чынгіз-хан не ствараў самай вялікай дзяржавы ў гісторыіі яна не была большай за Брытанскую імперыю (с. 113). Мангола-татарскія заваёвы склаліся ў самую буйную ў гісторыі сухапутную дзяржаву, а самай вялікай была якраз Брытанская імперыя, над якой «ніколі не заходзіла сонца».

Няпраўда, што вялікі князь літоўскі Трайдэн быў «свирепым язычником и при нем происходили гонения на христиан» (с. 128). Трайдэн меў трох праваслаўных братоў і помсціў за іх смерць галіцка-валынскім князям.

Няпраўда, што ад 1316 да 1492 г. ніхто не захапіў у ВКЛ «ні пядзі зямлі» (с. 136). Жамойць не аднойчы перадавалася Ордэну; Галіччыну і Валынь неаднаразова забіралі палякі, прычым Галіччыну забралі назусім; на ўсходняй мяжы шэраг земляў заняла Масква. Вайна за Галіцкую і Валынскую землі не скончылася ў 1377 г. (с. 143).

Няпраўда, што ў 15 ст. адна (большая колькасна) частка праваслаўных феадалаў стала пераходзіць у каталіцтва,другая – на службу ў Маскоўскую дзяржаву. Масква пасля 1405 г. не была «фактически вассалом Литвы» (с. 152).

Няпраўда, што слынная зямельная рэформа ў ВКЛ «Валочная памера» была адной з прычынаў, якая запавольвала развіццё ў ВКЛ буржуазных адносінаў (с. 259).

Няпраўда, што з сярэдзіны 18 ст. адбываўся ўстойлівы рост эканомікі ВКЛ у аграрным і мануфактурным сектарах (с. 325 – 326). Гаспадарка Рэчы Паспалітай не выбралася з рэгрэсу пасля Паўночнай вайны да канца стагоддзя.

Паводле А.Тараса, усю беларускую справу сапсавалі ідэолагі беларускага адраджэння, якія «заведомо сужали социальную базу белорусской государственности»,

бо не звярталіся да прадпрыймальнікаў, фінансістаў, гандляроў, землеўладальнікаў (с. 429). Гэта няпраўда, бо звярталіся.

Па меры азнаямлення з тэкстам працы, усё больш выяўляюцца прабелы не толькі ў гістарычнай але і ў агульнай адукацыі аўтара.

Напрыклад, А.Тарас сцвярджае (с. 139), што падляшскія гарады, якія Гедымін далучыў да ВКЛ: Берасце, Камянец, Кобрын, Драгічын, Бельск, Мельнік, Беласток, Супрасль і Заблудава сёння знаходзяцца ў Польшчы ў Беластоцкім, Люблінскім і Холмскім ваяводствах. Тут спалучыліся як яўная няўважлівасць у выпадку першых трох гарадоў, так і недасведчанасць аўтара адносна рэшты, бо ў Польшчы яшчэ ў 1999 г. праведзена рэформа адміністрацыйнага падзелу і апошнія шэсць з названых гарадоў знаходзяцца ў Падляшскім ваяводстве.

Кур’ёзам выглядае сцвярджэнне аўтара (с. 397), што цар Мікалай ІІ у 1899 г. дазволіў шляхце і мяшчанам каталіцкай веры, якія асабіста займаліся земляробствам, купляць зямлю плошчай не больш 60 дзесяцін, г.зн. па А.Тарасу – 660 кв. м. Тут нібыта дробная, але характэрная для ўзроўню аўтарскай веды недакладнасць. Проста

А.Тарас не мае паняцця пра гаспадарчую гісторыю, таму няправільна перавёў тагачасную адзінку вымярэння плошчы – дзесяціну ў сучасную метрычную як «амаль 11 кв.м (10, 9254)». У сапраўднасці дзесяціна мела плошчу трохі больш за гектар – 1,0925 га.

Адсюль добры для канца 19 ст. зямельны надзел (больш за 60 га) у А.Тараса паменшыўся ў 1000 разоў да памераў дачнай дзялкі савецкай эпохі.

У тэксце шмат дробных, на першы погляд, недакладнасцяў, якія зноў жа вынікаюць з-за недахопаў адукацыі і сведчаць пра агульную нізкую культуру працы. Так, дзядзінец – гэта не проста «земляны вал з палісадам» (с. 88) – а ўмацаваны адміністрацыйны цэнтр горада, дзе жыў князь з сям’ёй і дружынай. У 1385 г. Вітаўт не быў вялікім князем літоўскім (с. 96). Наваградак упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах не ў 1040 г., а ў 1249/50 г. і яго не закладалі воі кіеўскага князя Яраслава (с. 96, 108-109). Касцёл «Цела Хрыстова» ў Нясвіжы збудаваны не ў замку, а ў горадзе (с. 262). Нельга караля Прусіі 18 ст. называць кайзерам (с. 328, 376), а камуністаў 20 ст. – «сацыяльнай групай» (с. 445).

А.Тарас блытае ініцыялы, імёны, навуковыя ступені беларускіх гісторыкаў (с. 62, 190, 303), карыстаецца іх тэкстамі без спасылак.

Характэрны прыклад з цікавым вобразам, створаным праф. А.Смалtнчуком (менавіта, пра ўражанне, што аб польска-савецкай вайне 1919 – 1920 г. нібыта пішуць не два беларускія гісторыкі, а чырвонаармейцы Тухачэўскага ў перапынках паміж баямі) – А.Тарас вобраз перапісаў, а пра аўтарства загадаць «забыўся» (с. 440).

Маюцца памылкі, часам істотныя, у подпісах да ілюстрацый. Верхнюю царкву на Старым замку ў Гародні, узведзеную ў гатычным стылі ў канцы 14 – пачатку 15 ст., А.Тарас пераносіць у 12 ст., называе «нямецкай архітэктурай» і прыводзіць як доказ адсутнасці ў той час праваслаўя (с. 72).

Малюнак Камянецкай вежы з ваколіцай называе рэканструкцыяй Смаленскага замка ў 15 ст.

(с. 171). На адной з картаў, падпісанай «ВКЛ у канцы 16 ст.», у складзе ВКЛ паказаныя украінскія землі, адыйшоўшыя да Польшчы яшчэ ў 1569 г. (с. 234).

А.Тарас дрэнна арыентуецца і ў найноўшай гісторыі, у тым ліку, у развіцці нацыятворчых працэсаў ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе.

Ён рэзка выступае супраць русіфікацыі (с. 351, 447 – 449, 457, 469, 493, 507), але адначасова асуджае беларускі г. зв. этнічны нацыяналізм і процістаўляе яму г.зв. дзяржаўны нацыяналізм ужо ў 19 ст. (с. 411 – 412). Апошні не мог тады існаваць, як не магла з’явіцца нават мара пра беларускую дзяржаву.

І тут А.Тарас сам сабе супярэчыць: «К концу XIX века беларусы четко определили себя как отдельный народ – со своим языком, своей культурой и своей особой ментальностью»(с. 397), а праз некалькі гадоў у яго «беларусы в начале ХХ века стремились не беларусами, а «людьми звацца»» (с. 434). А яшчэ праз некалькі дзесяткаў гадоў, ужо пры жыцці А.Тараса: «… язык наших предков умер!» (с. 469).

Пасля прачытання кнігі А.Тараса застаецца даволі сумнае ўражанне і пацвярджаецца выснова – гэта твор дылетанта.

Для мяне лектура названай кнігі была нагодай яшчэ раз праверыць дакладнасць прыкметаў, па якіх хутка, за некалькі хвілінаў, разпазнаецца праца дылетанта. Вось яны ў табліцы:

Першасныя прыкметы дрэннай кнігі па гісторыі Беларусі Кніга А.Тараса
Адсутнасць гістарычнай адукацыі (навуковай ступені) ў аўтара так
Адсутнасць навуковага рэдактара і рэцэнзентаў так
Катэгарычнасць выказванняў так
Адсутнасць спасылак на працы іншых аўтараў так
Расейская мова так

Гэтыя прыкметы не спрацоўваюць паасобку, але спраўджаюцца ў комплексе. Ёсць шмат цікавых даследчыкаў-краязнаўцаў без спецыяльнай адукацыі (у адной Гародні ведаю шэраг такіх асобаў). Ці паводле вымаганняў жанру, як у выпадку гістарычнага эсэ, могуць адсутнічаць спасылкі і інш. Прафесійны літаратар можа дасканала разумець і ведаць гісторыю – прыклад таму, светлай памяці Кастусь Тарасаў. Я ўжо не кажу пра выдатныя творы Уладзіміра Арлова (ён якраз мае спецыяльную гістарычную адукацыю). Бывае, што наяўнасць рэдактара і рэцэнзентаў не стварае бар’еру для няякаснай прадукцыі, напрыклад, калі аўтар –- афіцыёзны гісторык-прапагандыст (яго маркерам можа быць расейская мова).

У выпадку з кнігай А.Тараса прыкметы спрацавалі дакладна. Увогуле, яна падобная да курсавой работы стараннага, але недасведчанага яшчэ студэнта, якому трэба вылоўліваць «блохі» у тэксце, правіць памылкі, стыль, карацей кажучы, вучыць. Хоць у біяграфічнай нататцы аўтар прадстаўляецца прафесарам і доктарам навук «па інфармацыйных тэхналогіях», але гэтыя званне і ступень «клубныя», іх надае сваім сябрам адна грамадская арганізацыя.

Па невядомай прычыне гарачы беларускі патрыёт А.Тарас бэсціць, не выбіраючы словаў, «адраджэнцаў» як пачатку ХХ ст. так і сучасных

(што не перашкаджае яму сёння ладзіць імпрэзы ў сядзібе БНФ «Адраджэнне»). Нават прыцягвае да гэтай справы аднаго з адраджэнцаў і не абы якога – Янку Купалу, які, як здаецца А.Тарасу, «… предвидел печальную судьбу Беларуского Народного Фронта, а также той кучки нынешних болтунов, что называют себя «змагарамі за нацыянальнае Адраджэнне»» (с. 427). Цяжка пагадзіцца з заявай (мне яна здалася нават цынічнай), што беларусы нічога не дамагліся ўласнымі намаганнямі. Маўляў, шмат людзей выводзіў БНФ на дэманстрацыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, але гэта, паводле А.Тараса, абсалютна нічога не значыла:

«… независимость свалилась на беларусов внезапно, словно мешок картошки на голову человека в погребе» (с. 526).

А.Тарас не памятае, што Дэкларацыю Незалежнасці не прывёз чыноўнік з Масквы ці яшчэ адкуль, а дамагліся дэпутаты ад БНФ пры падтрымцы многатысячнага сходу беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Аднак сп. А.Тарас умее не толькі аблаяць БНФ і «адраджэнцаў», але і пахваліць каго трэба: «Официальная идеология независимой Беларуси в настоящее время постепенно становится на платформу государственного национализма.

Это – правильный курс» (с. 530). А тэкст з апошняй старонкі вокладкі ягонай кнігі нібы наўпрост перанесены з перадавіцы «Советской Белоруссии»: «Мы, беларусы, восстановили свою древнюю государственность и уверенно движемся в будущее». Сапраўды, няпросты чалавек – Анатоль Яфімавіч Тарас.

Сімпатыю некаторых беларускіх патрыётаў да твораў і асобы А.Тараса выклікае ягоная патрыятычная (аж да ультрапатрыятычнай) рыторыка. Аднак добра вядома, што такая рыторыка не заўсёды працуе на карысць справы, яна можа стаць шкоднай – антырэкламай, калі суправаджае прадукт дрэннай якасці.

Працы А.Тараса перапоўненыя патрыятычнымі лозунгамі, але напісаныя на нізкім, дылетанцкім узроўні,

не падтрымліваюць, а хутчэй дыскрэдытуюць беларускі патрыятызм як у самой краіне, так і за межамі.

Узгадваецца эпізод са знакамітым героем Яраслава Гашэка, калі на пачатку першай святовай вайны зуха-жаўнера Ёзафа Швейка вязуць у інвалідскім вазку па вуліцах Прагі, а ён размахвае мыліцамі і крычыць: «На Бялград!» У Гашэка Швейк такім спосабам (які дазваляе пазбегнуць адказнасці) свядома здзекуецца з аўстрыйскага патрыятызму. Ці свядома тое самае робіць з беларускім патрыятызмам А.Тарас, сказаць не магу, толькі канстатую факт.

Прычыны ідэалагічных супярэчнасцяў у творах А.Тараса выясняюцца пасля знаёмства з ягонай аўтабіяграфіяй, дзе змешчаныя праграмныя дэкларацыі. З іх вынікае, што галоўная мэта пісанняў гэтага аўтара – дарабіць да пенсіі.

А.Тарас стварае і друкуе свае кнігі (ужо больш за сотню) дзеля даходаў з іх продажу.

Не бачу ў гэтым нічога заганнага, але мáю адну прэтэнзію да аўтара – ён гандляр несумленны. А.Тарас, не выбіраючы сродкаў, спрабуе ўпіхнуць нам няякасны тавар. За ўсімі ідэйнымі дэкларацыямі праглядаецца просты (з налётам цынізму) камерцыйны разлік.

А.Тарас заўважыў, што ў незалежнай Беларусі ёсць запатрабаванне на гісторыю – кінуў пісаць кнігі пра баявыя адзінаборствы (мода мінула), пачаў пісаць пра гісторыю. Грамадзяне незалежнай краіны жадаюць патрыятычных твораў – калі ласка, А.Тарас – выступае як ультрапатрыёт. Беларускае грамадства моцна русіфікаванае – А.Тарас піша па-расейску, а для ідэалагічнага абгрунтавання аб’яўляе беларускую мову мёртвай. Выданню і асабліва продажу кнігаў могуць зашкодзіць улады – А.Тарас бэсціць апазіцыю і падхвальвае ўладу.

А для саліднасці сваёй асобы прыпісвае «левыя» навуковыя ступені і званні. Пры ўсім гэтым у стылі літаратурнага Хлестакова (або рэальнага Лукашэнкі) сам верыць у тое, што ў даны момант гаворыць:

«Поэтому не случайно в Европе принято отмечать (выделять) тех людей, которые вносят весомый вклад в процесс создания новых текстов.

Я – один из них. Многие мои книги приобрели большую известность, вызвали массу откликов, удостоились печатных отзывов и рецензий. Известность я получил исключительно в результате своей литературной деятельности. Никаких других причин нет

З’ява не новая. Знакамітая наша паэма «Тарас на Парнасе», напісаная больш за сотню гадоў таму і да сёння жывая не толькі мовай, але і зместам, згадвае аднаго такога марнага, але пладавітага і імпэтнага да Парнасу аўтара:

«Нясе вялікі мех пан гэты,Паўным-паўнюсенька набіт.

Усё там кніжкі ды газеты,

Ну, як каробачнік які!

»

На Парнас той пан не патрапіў. Сёння таксама не ўсе беларусы даюць сябе абдурыць. У коле маіх знаёмых і іх знаёмых не знайшлося ніводнага, хто б набыў «Краткий курс» А.Тараса, наяўны ва ўсіх кнігарнях. Пасля роспытаў удалося выявіць аднаго пакупніка і пазычыць у яго кнігу за сотні кіламетраў ад дому.

Мы, гісторыкі, вінаватыя перад беларусамі за тое, што не спраўляемся са сваёй місіяй – гістарычнай асветай грамадства. Абудзіўшы ў суайчыннікаў цікавасць да сваёй гісторыі, стварыўшы попыт, мы яго не задавальняем.

Можам знайсці шэраг аб’ектыўных тлумачэнняў (тут і наша малалікасць і немагчымасць пражыць з прафесіі; і тое, што нашыя працоўныя месцы часта займаюць прапагандысты; тут і прэсія рэжыму з пераходам у рэпрэсіі і г.д.), але ўсё гэта не вызваляе з адказнасці.

Ніякія «адмазкі» не праходзяць, бо тут важыцца лёс краіны – быць ёй ці не быць.

Не маем выйсця, мусім рабіць сваю справу ў любых умовах, а канкрэтна на сённяшні дзень – пісаць сінтэзы і папулярныя працы. Інакш нашае месца пачнуць займаць эрзац-гісторыкі са сваёй эрзац-гісторыяй.

«Ну, словам, многа тут народу
Сабралась лезці на Парнас:
Былі паны, было і зброду,
Як часам і на свеце ў нас».

* * *

Аляксандр Краўцэвіч

(нар. 1958) гісторык-медыявіст, археолаг, доктар гістарычных навук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0