Суд Фрунзенскага раёна Менска вынес рашэнне Максіму Вінярскаму — 12 сутак арышту. Справу разглядала суддзя Людміла Лапо.

Актывісту, у якога вострая ангіна, у судзе стала дрэнна. Медыкі «хуткай дапамогі», якія прыехалі на выклік, сказалі, што яму неабходна гаспіталізацыя, аднак міліцыянты запрацівіліся - ён паедзе на Акрэсціна. У адказ на гэта Максім у судзе абвясціў сухую галадоўку.

***

Сёння Максіма Вінярскага, які выходзіў з гандлёвага цэнтра «Карона», затрымалі супрацоўнікі міліцыі, паведаміўшы, што ён падобны на злачынцу.

У адзяленні міліцыі яго звінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і склалі пратакол за правапарушэнне.

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, які нядаўна вызваліўся пасля 15-суткавага арышту з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, паведаміў, што перад вызваленнем з ЦІПа супрацоўнік міліцыі прапанаваў яму часова з’ехаць са сталіцы.

Маўляў, калі вы разумныя людзі, дык павінны зразумець, што ў вас ёсць два варыянты: альбо з’ехаць з краіны, альбо выехаць у вёску на пэўны час (маецца на ўвазе час правядзення чэмпіянату свету па хакею).

Бо «пытанне з вамі ўсімі» будзе абавязкова вырашана, папярэдзіў супрацоўнік ЦІПа.

У адказ на гэтае папярэджанне Вінярскі заявіў праваабаронцам, што ён не ўжывае наркотыкаў, не лаецца матам, не схільны да хуліганскіх учынкаў, і таму магчымы арышт просіць расцэньваць як прэвентыўную ізаляцыю з-за сваіх грамадска-палітычных перакананняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?