На мультылэйбле «Пяршак» выйшаў першы том рэаліці-нататак маладога беларуса Ромы Свечнікава, які ўжо амаль два гады едзе з заплечнікам за спінай вакол нашай планеты.
Мультымедыйны праект «Рома едзе» стартануў 1 ліпеня 2012 года, калі дваццацігадовы беларускі хлопец Рома Свечнікаў кінуў вучобу ва ўніверсітэце, развітаўся з сям’ёй, сябрамі і ўтульным пакоем у менскім чатырохпавярховіку ды выправіўся ў бестэрміновае кругасветнае падарожжа. З сабой ён узяў заплечнік з рэчамі першай неабходнасці, люстраны фотаапарат, маленькі лэптоп і нешта каля двухсот даляраў наяўнымі.
На працягу ўсяго свайго трыпу Рома літаральна ў дарозе на каленцы пісаў для часопіса 34mag.net свае нататкі ў стылі рэаліці, мантаваў кароткія відосы-эксперыменты, рабіў атмасферныя фоткі, запісваў гукі мясцовых радыёстанцый.
«З цягам часу папулярнасць матэрыялу і яго сэнсы перараслі рамкі праекту на сайце, – кажа рэдактар 34mag Danila Berencef. – Ромаў вірус свабоды выйшаў з-пад кантролю і ператварыўся нават у нейкі сімвал новага часу, у голас маладых. Мы зразумелі, што гэта трэба годна ўпакаваць, і пачалі працу над кнігай».
Прэзентаванае на «Першаку» электроннае выданне – першы том Ромавых нататак, першая палова планеты:
ад Беларусі да ЗША праз Грузію, Арменію, Іран, Азербайджан, Расію, Манголію, Кітай, Лаос і Тайланд. Гэта кніга ўнікальная тым, што другі яе том пішацца цяпер у Паўднёвай Амерыцы, сярод кактусаў і на скрыжаваннях наркатрафікаў. Пішацца гэтак жа: на каленцы і ў няспынным руху.
«Гэта не «лёгкае чытво» ў «лёгкім жанры», – адзначаюць выдаўцы. – Нам падаецца, што сабраны Ромам матэрыял вельмі глыбока прэпаруе жыццё. Гэта шматслойная кніга пра сілу і смеласць, веру і мары, уяўнае і рэальнае, людзей і грамадства, межы і космас. І гэта дакладна наша кніга, бо мы прызвычаіліся акопвацца ў сваім кантэксце, хавацца ў ракавіну і адкладаць на чорны дзень. І гэтага трэба пазбаўляцца».
Спампаваць кнігу «Рома едзе» можна бясплатна на сайце мультылэйбла «Пяршак». Адзначым таксама, што бліжэйшым часам запланаваны выхад папяровай версіі выдання.
Старонка мультылэйбла «Пяршак»





