У 2013 годзе ў Беларусі зафіксаваны ўсплёск выяўленых злачынстваў супраць полавай недатыкальнасці і полавай свабоды непаўналетніх, 

паведаміў на прэс-канферэнцыі 23 красавіка старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання «Разуменне» Андрэй Маханько.

Паводле яго слоў, у 2008 годзе было зафіксавана 248 такіх злачынстваў, у 2012-м — 238, у 2013-м — 389. Маханько падкрэсліў, што ў статыстыку ўключаныя толькі тыя выпадкі, па якіх судамі былі вынесеныя абвінаваўчыя прыгаворы.

Павелічэнне колькасці выяўленых злачынстваў, на думку Маханько, з'яўляецца вынікам «плённай работы праваахоўных органаў і стварэння дружалюбных дзецям умоў апытання». «Людзі сталі больш давяраць і больш паведамляць. Міліцыя і Следчы камітэт сталі больш выкарыстоўваць дружалюбныя дзецям умовы і залучаць псіхолагаў да правядзення апытанняў. Дзеці перасталі баяцца, дзеці сталі даваць паказанні дастаткова добра, і яны сталі класціся ў аснову крымінальных спраў, гэта значыць перасталі развальвацца крымінальныя справы», — расказаў праваабаронца.

Ён падкрэсліў, што адным з важных індыкатараў павышэння выяўлення злачынстваў сталі палівіктымныя выпадкі, калі пацярпелыя дзеці паведамлялі таксама пра іншых ахвяраў насілля.

Пры гэтым Маханько адзначыў, што выяўленыя выпадкі насілля над дзецьмі ўяўляюць толькі «верхавіну верхавіны айсберга», бо існуе высокая латэнтнасць падобных злачынстваў. Паводле слоў кіраўніка аб'яднання, сексуальнае насілле ў Беларусі ў роўнай ступені зведваюць як дзяўчынкі, так і хлопчыкі.

У цэлым, як адзначыў Маханько, штогод у Беларусі ахвярамі рознага роду злачынстваў робяцца больш чым 6 тысяч дзяцей, аднак значную частку гэтых злачынстваў уяўляюць выпадкі невыканання бацькамі абавязкаў па выхаванні і забеспячэнні дзяцей (выплаце аліментаў, кампенсаванні расходаў на ўтрыманне дзяцей і інш.).

У той жа час Маханько адзначыў, што ў многіх выпадках насілле над дзецьмі не крыміналізуецца беларускім заканадаўствам. «У нас сёння няма ўсеагульнай забароны на фізічныя пакаранні дзяцей. Калі мы гаворым пра пляскач па попе як частку нейкага культурнага коду ў выхаванні — хаця для мяне гэта таксама разнастайнасць насілля над дзіцем, — то катаванне таксама мае месца і выкарыстоўваецца ў практыцы дысцыплінавання. І калі гэта не крыміналізавана, калі гэта не наносіць дзіцяці цялесных пашкоджанняў, то, на жаль, прыцягнуць гэтага чалавека да адказнасці немагчыма», — падкрэсліў Маханько.

Пры гэтым ён заклікаў грамадства паведамляць у кампетэнтныя органы пра выпадкі нягоднага абыходжання з дзецьмі і перастаць «успрымаць гэта як стукацтва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?