Прэм'ер-міністр Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган выказаў спачуванні нашчадкам сотняў тысяч армян, забітых падчас Першай сусветнай вайны ў Асманскай імперыі.

фота AP

фота AP

У заяве Эрдагана з нагоды 99-гадовай гадавіны пачатку масавай дэпартацыі армян адзначаецца, што падзеі 1915 былі «бесчалавечнымі «і цяпер сталі «агульным болем» дзвюх краін.

«З надзеяй і верай у тое, што старажытныя народы, якія валодаюць падобнымі звычаямі і традыцыямі, якія належаць да адной складанай, але ўнікальнай геаграфіі, змогуць разам і дастойным чынам згадаць пра сваё мінулае і пра страты, мы жадаем, каб душы армян, якія загінулі ў падзеях пачатку ХХ стагоддзя, супакоіліся з мірам, а іх унукам перадаем свае спачуванні», — заявіў Эрдаган, выступаючы ў сераду з прамовай у парламенце.

Пры гэтым прэм'ер нагадаў, што 24 красавіка — асаблівы для армян дзень.

«Дзень, які мае асаблівае значэнне для армянскіх грамадзян нашай краіны і ўсіх армян свету, уяўляе сабой каштоўную магчымасць для свабоднага абмену думкамі ў дачыненні да гістарычных падзей. Нельга адмаўляць, што апошнія гады існавання Асманскай імперыі для мільёнаў яе турэцкіх, курдскіх, арабскіх, армянскіх і іншых грамадзян, незалежна ад іх рэлігійнай і этнічнай прыналежнасці, былі складаным перыядам, напоўненым горкімі падзеямі», — падкрэсліў Эрдаган.

Заява Эрдагана была таксама размешчана на сайце Кабміна Турцыі, прычым на дзевяці мовах, у тым ліку на ўсходнеармянскай і заходнеармянскай.

Па словах кіраўніка армянскага Цэнтра рэгіянальных даследаванняў, палітолага Рычарда Гірагасяна, гэта нечаканы і вельмі важны крок.

«У гэтага звароту тры адрасаты: армянская дыяспара, паколькі гэтае пытанне ўвесь час падымае амерыканскі Кангрэс; армянскі ўрад, для якога гэта — жэст добрай волі, а таксама турэцкая публіка, бо Эрдаган хоча змякчыць свой звыклы вобраз. Ён мае намер стаць прэзідэнтам, таму гэта заява больш падобна на тое, што рабіў Абдула Гюль, чым на звыклага нам Эрдагана», — мяркуе армянскі палітолаг.

У сваю чаргу прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян заявіў, што Арменія не разглядае турэцкае грамадства ў якасці ворага. Саргсян зрабіў такую заяву ў звароце да дня памяці ахвяр генацыду армян, які адзначаецца 24 красавіка.

«Схіляючы галаву перад памяццю нявінных ахвяр, армяне памятаюць усіх тых туркаў, турэцкія сям'і, якія ў тыя цяжкія дні працягнулі руку знішчаемым варварамі сваім армянскім суседзям і сябрам, вырвалі з кіпцюроў пагромшчыкаў шматлікіх армянскіх дзяцей», — дадаў палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?