23 красавіка байцы батальёна спецназу «Дняпро» затрымалі дваіх мужчын, якія праводзілі разведку шэрагу стратэгічных аб'ектаў каля Днепрапятроўска.
Яны мелі спецыяльную апаратуру, якая адназначна сведчыць пра іх дачыненне да выведслужбаў. Сайт censor.net.ua адзначае, што дзеянні расійскіх дыверсантаў задакументаваныя на відэакамеру. Затрыманыя мелі пры сабе «дакументы для прыкрыцця — пашпарты Рэспублікі Беларусь». Дагэтуль украінскія сілавікі заяўлялі, што расійскія выведчыкі карыстаюцца ўкраінскімі пашпартамі, якія ім «перадаў Януковіч». Інфармацыя пра беларускія пашпарты з'явілася ўпершыню.
Абодвух дыверсантаў перадалі супрацоўнікам Службы бяспекі Украіны ў Днепрапятроўскай вобласці для правядзення следчых дзеянняў. Чакаецца, што ў найбліжэйшы час будзе агучаная «больш дэталёвая інфармацыя».
Дарэчы, за затрыманых дыверсантаў фонд Штаба нацыянальнай абароны Днепрапятроўскай вобласці выплаціць 20 тысяч даляраў.