Зянону Пазьняку — 70. Амаль 20 з іх ён, знакавая постаць сучаснай беларускай гісторыі, пражыў у эміграцыі. Для яго, чалавека, які ўсёй сваёй сутнасцю знітаваны з Беларуссю, гэта ці не найцяжкае выпрабаванне ў жыцці. Таму найпершае, што жадаю яму: вяртання на Радзіму. Тым больш, што з дня, калі гэта стане магчымым, пачнецца і вяртанне Беларусі — як бы з эміграцыі да самой сябе. Наша вяртанне да волі.
ВОЛЯ
Зянону Пазьняку
Рака крывi за волю — праз вякi…
Калi i хто той волi меў даволi?
Зацятыя рабы зацятай волi
Не лепей, чым яе рабаўнiкi.
Нiхто не змог, як воля, вольным стаць…
Хоць абдымайся з воляю аберуч —
Паэту вольнай птушкай не спяваць,
Не паляваць тырану вольным зверам.
А вольны, можа, толькi плач сiрочы,
Няўцямны крык у прадсмяротны час, —
I кожны з нас здабудзе волю двойчы,
I двойчы згубiць волю кожны з нас.
Усiм на волю Бог дае iспыт —
I не займець збавення ад iспыту:
Адзiн раз воля — калi ты з нябыту,
Другi раз воля — калi ты ў нябыт.





