У першым квартале 2014 года гучных купляў/продажаў жылой нерухомасці ў Беларусі не было. Паводле дадзеных Нацыянальнага кадастравага агенцтва, звышдарагія катэджы, за якія гаспадары імкнуцца атрымаць каля $2 мільёнаў, дагэтуль не карыстаюцца попытам.
Адным з рэкардсменаў у гэтай сітуацыі стаў участак з незавершаным будаўніцтвам у Бараўлянах (некалькі кіламетраў ад Мінска). Пакупніца, дырэктар адной з фармацэўтычных кампаній, выклала за яго больш за $1,1 мільёна. А яшчэ колькі давядзецца ўкласці ў дабудаванне!
У сегменце кватэр таксама адбылася неспадзяванка.
Жыллё ў элітных сталічных дамах саступіла па цане трохпакаёўцы ў цэнтры Гродна, па адрасе Свярдлова, 19.
фота maps.yandex.by
Падарунак на Дзень Святога Валянціна — угода была аформленая 14 лютага — каштаваў пакупніку больш за $680 тысяч. І гэта за кватэру плошчай усяго 65 м2!
Квадратны метр абышоўся ў $10 500, у 11 разоў даражэй, чым у сярэднім па горадзе.