На просьбу Tuzin.fm Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка прыгадаў гісторыю аднаго з самых цудоўных твораў з рэпертуару ансамбля «Сябры» — «Аve Maria», музыку да якой напісаў Ігар Лучанок, а словы Зянон Пазняк.

Спадар Анатоль кажа, што гэтую песню паказаў яму кампазітар Ігар Лучанок. Спачатку нават без пазнакі аўтара верша Зянона Пазняка.

«Гэта быў пачатак 90-х гадоў, час пасля развалу Саюзу. Тады панаваў такі настрой, шмат казалася пра незалежнасць. І гэтая песня адпавядала таму часу. Праўда я спачатку трохі скептычна паставіўся да яе, хоць усё было выдатна з мелодыяй, і да верша аніякіх прэтэнзій не меў. Усё выглядала арганічна, таму і ўзялі яе ў рэпертуар. «Малітва» яна звалася першапачаткова».

Анатоль Ярмоленка і Ігар Лучанок у той час сустрэліся з аўтарам словаў Зянонам Пазняком.

Спадар Анатоль так згадвае тую сустрэчу: «Гэта быў недзе 1991 год. Яго рэакцыя была нармальная. Так, каб «ох!» ды «ах!», то не.

Асаблівых эмоцый не было. Пазняк не лічыў сябе паэтам, а тым больш паэтам-песеннікам. Але гэты верш у яго атрымаўся сапраўды прафесійным». Аранжыроўку да «Аve Maria» зрабіў Мікалай Сацура, музычны кіраўнік «Сяброў», сам кампазіытар і віртуозны музыкант. Анатоль Ярмоленка выканаў асноўную вакальную партыю, а голас херувіма – яго дачка Алеся, якой на той час было 15 год. «Аve Maria» запісалі ў студыі і яна трапіла, як цяпер кажуць, у шчыльную ратацыю на радыё.

Кампазіцыя на публіку была прадстаўлена на «Славянскім базары-1993», мастацкім кіраўніком якога быў Уладзімер Мулявін. Яму таксама прыйшлася да спадобы гэтая кампазыцыя. «Гэта песьня была вельмі патрэбная на той час. І яна пайшла ў сьвет. Яе выконвалі іншыя выканаўцы, дзіцячы хор. Дагэтуль я яе чую па радыё», - кажа спадар Анатоль.

Самі «Сябры» не граюць «Аve Maria» досыць даўно. Кіраўнік «Сяброў» ня можа дакладна прыгадаць апошняе выкананьне, але больш за 10 год дык дакладна. «Час праходзіць, артысты падрастаюць і зьмяняюцца, таму некаторыя песьні выпадаюць з рэпертуару. Так было і з гэтым творам. Для яе выканання быў неабходны дзіцячы вакал. Вядома ж, голас Алесі ўжо не пасаваў. Але калі мы яе не выконваем, гэта не значыць, што твор страціў актуальнасць», - падсумоўвае Анатоль Ярмоленка.

Са згоды кіраўніка ансамблю «Сябры» арыгінальны запіс «Аve Maria» прадстаўляецца наведнікам парталу Tuzin.fm

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?