У Беларусі ў сельскагаспадарачы абарот вернуты 6,5% зямель, якія раней былі выведзены з выкарыстання з-за забруджання пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі 24 красавіка ў Мінску паведаміў намеснік начальніка дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Мікалай Цыбулька. 

Ён расказаў, што пасля аварыі на ЧАЭС з гаспадарчага абароту ў Беларусі было выведзена 265 тыс. га зямель сельскагаспадарчага значэння. «За постчарнобыльскі перыяд, асабліва ў апошнія гады, мы ўвялі ў абарот 17,2 тыс. га зямель. Гэта тыя землі, якія па ўзроўні радыеактыўнага забруджання прыдатныя для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы, дзе магчыма стабільна атрымліваць нарматыўна чыстую прадукцыю раслінаводства, жывёлагадоўлі і вырабляць кармы», — сказаў прадстаўнік МНС. 

Праз 28 гадоў пасля катастрофы, зазначыў чыноўнік, у сельскагаспадарчым абароце знаходзяцца прыблізна 990 тыс. га зямель, забруджаных цэзіем, 339 тыс. га — стронцыем-90. На гэтых землях праводзіцца комплекс мерапрыемстваў для таго, каб вырабляць там «нарматыўна чыстую прадукцыю», радыяцыйны фон якой знаходзіцца ў межах, устаноўленых законам. «Гэта вапнаванне кіслых глебаў, прымяненне павышаных доз фосфарных і калійных угнаенняў, меліярацыйная праца для аптымізацыі воднага рэжыму», — растлумачыў Цыбулька. 

«Забруджаныя плошчы значна зменшыліся, бо ў пачатку было забруджана прыкладна 1,8 млн. га», — дадаў ён. 

Каб атрымаць адносна чыстыя лесаматэрыялы, дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС таксама прымяняе засцерагальныя меры ў лясной гаспадарцы. 

«За 2012—2013 гады мы зрабілі вялікую працу на тэрыторыі адчужэння. Гэта тычыцца Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, — сказаў прадстаўнік МНС. — Яму прысвоены сур'ёзны статус навукова-даследчай прыродаахоўнай установы. Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ па нашым запаведніку. Зараз тут выдзелены дзве буйныя зоны — непасрэдна запаведная зона, якая займае прыблізна 60%, і на перыферыі запаведніка — эксперыментальна-гаспадарчая зона, дзе вядуцца навуковыя работы, з тым каб адпрацаваць тэхналогіі магчымага ўцягвання часткі зямель у гаспадарчае карыстанне». 

У межах профільнай дзяржаўнай праграмы на забруджаных тэрыторыях сёння рэалізуюцца прыкладна 60 праектаў, скіраваных на сацыяльна-эканамічнае развіццё — эканамічнае адраджэнне пацярпелых ад аварыі рэгіёнаў, стварэнне новых працоўных месцаў. 

У цэлым радыяцыйнае становішча сёння «значна стабілізавалася». У сувязі з гэтым, заявіў Цыбулька, у некаторых адселеных тэрыторыях, «дзе шчыльнасць забруджання нізкая», здымаецца кантрольна-прапускны рэжым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?