Старшыня Вярхоўнай Рады, в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў заклікае Расійскую Федэрацыю спыніць шантаж і адвесці войскі ад мяжы з Украінай.

«Мы патрабуем ад Расійскай Федэрацыі спыніць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Украіны, спыніць пастаянныя пагрозы і шантаж і адвесці свае войскі ад усходняй мяжы нашай краіны», — сказаў ён у сваім тэлезвароце ў чацвер вечарам.

А.Турчынаў заявіў, што «Расійская Федэрацыя каардынуе і адкрыта падтрымлівае забойцаў-тэрарыстаў, якія дзейнічаюць са зброяй у руках на Усходзе нашай краіны».

«Не маючы ніякіх падстаў, кіраўніцтва Расеі дазваляе сабе нахабным чынам ўмешвацца ва ўнутраныя справы Украіны», — падкрэсліў кіраўнік украінскай дзяржавы. — Расія на дзяржаўным узроўні падтрымлівае тэрарызм у нашай краіне менавіта ў той час, калі расійскія грамадзяне ўвесь час пакутуюць ад тэрарыстычных нападаў на сваёй тэрыторыі. Войны, тэракты, рэгіянальны сепаратызм — гэта вядомыя расійскія праблемы, якія зараз штучна спрабуюць перанесці ва Украіну», — падкрэслівае А.Турчынаў.

Паводле яго слоў, пасля паспяховых крокаў украінскіх сілавых структур па барацьбе з тэрарызмам «Расійская Федэрацыя перайшла ад публічных пагроз у наш адрас да дэманстратыўнай канцэнтрацыі Узброеных сіл непасрэдна на ўсходняй мяжы нашай дзяржавы», акрамя таго, ідзе «разгортванне і павелічэнне колькасці падраздзяленняў, якія ўжо доўгі час ствараюць пагрозу для бяспекі нашай краіны».

А.Турчынаў адзначыў, што тэрарысты ўзялі ў закладнікі фактычна ўвесь Данецкі рэгіён, ужо даўно перайшлі грань чалавечнасці. «Узброеныя злачынцы захопліваюць адміністрацыйныя будынкі, бяруць у закладнікі грамадзян, у прыватнасці украінскіх і замежных журналістаў, катуюць і забіваюць патрыётаў Украіны», - падкрэсліў ён.

Ён зноў заявіў, што аднаўленне антытэрарыстычнай аперацыі было выклікана рэальнай небяспекай і неабходнасцю абараніць людзей.

А.Турчынаў запэўніў, што ўлада не будзе адступаць перад тэрарыстычнай пагрозай і працягне ў далейшым прымаць меры па абароне жыцця грамадзян.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру