Ролік з загалоўнай песняй выклаў у сваім Фэйсбуку генеральны прадусар ТАА «Першая КінаВідэаКампанія» Віктар Лабковіч. Песню спявае Саладуха-матылёк (не выключана, што сам Саладуха яе агучваў).
На падтанцоўцы — Мясніковіч, Ладуцька, Мальцаў, Пракаповіч у касцюмах прамінулых эпох. Лукашэнкі (прынамсі, у прома-роліку) няма.
(Відэаролік — з Ютуб-акаўнта тэлеканала Белсат).
Тэксты будуць вершаваныя і па-расейску. Зачын, зноў жа, падае Лабковіч:
«Верьте вы али не верьте,
Только есть на белом свете
Средь лесов, озер — надел
Под названием ВКЛ».
Цікава, што ВКЛ названая «надзелам» — гэта значыць, зямельным участкам, які даецца залежнаму чалавеку ў карыстанне.
З роліка відаць, што
«ВКЛ» моцна нагадвае ўкраінскі мультсерыял часоў прэзідэнцтва Януковіча «Сказочная Русь».
З'яўленне «ВКЛ» па часе супала з заявамі Лукашэнкі падчас Звароту да парламента і беларускага народа пра патрэбу «разнастайнасці ідэй і думак». Ці дазволяць сабе стваральнікі мультсерыяла палітычную сатыру ці сацыяльную крытыку — пабачым з першых серый. Запуск серыяла прызначаны на 25 красавіка.





