Пуцін развязаў халодную вайну, але шанцаў яе выйграць у цяперашняй Расіі няма, лічыць расейскі апазіцыянер Барыс Нямцоў.

«Сваёй непрадуманай агрэсіўнай палітыкай Пуцін пачаў халодную вайну з Захадам і Украінай. Пачаўшы вайну на мацерыковай частцы Украіны, Расія зараз апынулася ў поўнай міжнароднай ізаляцыі. Гэта адштурхнула ўкраінскі народ, які ўсё больш глядзіць у бок НАТА. Пры такім становішчы рэчаў ваенныя базы з танкамі НАТА могуць апынуцца дзе-небудзь пад Харкавам, а магчыма, увойдуць і ў Беларусь», — заявіў ён у каментары Gordonua.com.

Расейскі палітык перакананы, што выйграць гэтую халодную вайну у Пуціна не выйдзе, паколькі, у адрозненне ад папярэдняй халоднай вайны, сілы супрацьлеглых бакоў занадта няроўныя.

«У адрозненне ад папярэдняй халоднай вайны, цяпер няма эканамічнага парытэту. Эканоміка Расеі ў разы слабейшая за эканомікі заходніх краін і Кітая. Грошай не хапае нават на лячэнне анкахворых дзяцей у Яраслаўскай вобласці. Таму авантурная палітыка Пуціна прывядзе да краху ягонага рэжыму», - сказаў на заканчэнне Барыс Нямцоў.

У сваім Facebook Нямцоў іранічна пракаментаваў пазіцыю прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, які заявіў, што выкарыстанне ўкраінскай арміі супраць сепаратыстаў — гэта злачынства.

«А калі ён (Пуцін - Gordonua.com) уводзіў войскі ў 1999 ў Чачню і Дагестан, каб перамагчы сепаратызм, гэта як называлася? Злачынства ці антытэрарыстычная аперацыя?» - пытаецца палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?