25 красавіка ў Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 14 мая ў Мінску Маршу незалежнасці. Аб гэтым паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Акрамя Губарэвіча, заяўнікамі Маршу незалежнасці з'яўляюцца Алесь Лагвінец, Сяргей Вазняк, Ігар Лялькоў і Дзяніс Садоўскі. Яны просяць гарадскія ўлады дазволіць правядзенне шэсця ад пляцоўкі каля Нацыянальнай бібліятэкі да плошчы Незалежнасці па праезнай частцы праспекта, а таксама мітынгу на плошчы Незалежнасці. 

Ініцыятарам Маршу незалежнасці выступіў рух «За Свабоду».

Ідэя правесці такую акцыю нарадзілася пасля заяў кіраўніка дзяржавы, якія прагучалі 22 красавіка падчас яго паслання да народа і парламента. «Мы лічым, што склалася сітуацыя, калі апазіцыя і ўлада сталі гаварыць аб незалежнасці адны і тыя ж словы. У сваім пасланні Аляксандр Лукашэнка гаварыў аб незалежнасці як аб каштоўнасці», — патлумачыў Губарэвіч.

«Пасля выказванняў Лукашэнкі мы хацелі б убачыць дзеянні ўладаў, якія пацвярджаюць, што яны гатовы пайсці на дыялог з грамадствам, бо ў расколатым стане яно не гатова эфектыўна супрацьстаяць знешнім пагрозам, — дадаў палітык. — Важна, каб улада не на словах, а на справе даказала гатоўнасць абараняць незалежнасць і садзейнічаць кансалідацыі грамадства, дасягненню агульнанацыянальнага кансенсусу. Улады павінны не толькі дазволіць акцыю, але і далучыцца да яе, бо менавіта 14 мая 1995 года прайшоў рэферэндум па дзяржаўнай сімволіцы, які і паклаў пачатак расколу грамадства», — сказаў намеснік старшыні руху «За Свабоду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?