Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і канцлер ФРГ Ангела Меркель абмяняліся думкамі наконт «крытычнай сітуацыі, якая складваецца ва Украіне, у тым ліку з улікам нежадання кіеўскіх уладаў выконваць Жэнеўскія дамоўленасці ад 17 красавiка 2014 года». Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным у пятніцу, 25 красавіка, на сайце Крамля.

У тэлефоннай размове, якая адбылася па ініцыятыве Берліна, Пуцін рэзка асудзіў «спробы рэжыму ў Кіеве выкарыстоўваць узброеныя сілы супраць мірных грамадзян на паўднёвым усходзе краіны». Суразмоўцы таксама абмеркавалі пытанні, якія тычацца дзейнасці ва Украіне маніторынгавай місіі АБСЕ. Акрамя таго, прэзідэнт Расіі і канцлер Нямеччыны «падкрэслілі важнасць хутчэйшага правядзення перамоў па пытаннях бяспекі паставак і транзіту расійскага газу з удзелам прадстаўнікоў Расіі, Еўрасаюза і Украіны».

Па словах прэс-сакратара нямецкага ўрада Штэфэна Зайберта, Меркель сказала Пуціну, што чакае ад Расіі падтрымкі жэнеўскіх дамоўленасцей і дапамогі ў іх рэалізацыі.

Зайберт таксама лічыць, што Масква павінна публічна заклікаць прарасійскія групы на ўсходзе Украіны скласці зброю. Ён выказаў меркаванне, што дзеянні Крамля пасля сустрэчы ў Жэневе «цалкам расчароўваюць»

і, калі гэты падыход не зменіцца ў найбліжэйшай будучыні, «было б правільна рыхтавацца да новых санкцый». У той жа час ён падкрэсліў неабходнасць дыялогу з Масквой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?