Гурты Re1ikt, «Людзі на балоце», HandMade, праект Naka piano і спявачкі Тацяна Беланогая і Кася Камоцкая стануць гасцямі першага акустычнага фестывалю «Травень».

Фестываль пройдзе 18 траўня на пляцоўцы мінскага клуба «Мулен Руж» (Кальварыйская, 1). У ім возьмуць удзел самыя цікавыя беларускія каманды і выканаўцы, якія працуюць у плыні акустычнай музыкі. Заяўлены выступ шасці выканаўцаў. І кожны з іх рыхтуе адметны сэт. Найлепшы беларускі гурт-2013 па версіі парталу Tuzin.fm Re1ikt прадэманструе сваё новае гучанне з духавымі інструментамі, Naka piano сыграе пад акампанімент піаніна новыя беларускія творы, поўным складам пакажа сваю абноўленую праграму гурт Handmade, Тацяна Беланогая прадставіць нізку песень на словы Яўгеніі Янішчыц, а «Людзі на балоце» на вершы Дануты Бічэль, свае найлепшыя песні за 25 год, а таксама некалькі новых зайграе першая беларуская рок-князёўна Кася Камоцкая.

Вядучы – Алег Хаменка. Пачатак а 17.00.

«Травень» мае стаць традыцыйным і праходзіць двойчы на год. Ідэя фестывалю акустычнай музыкі ўжо выклікала вялікі водгук у беларускіх музыкаў, таму вырашана абвесціць адбор на другі фэст, які пройдзе ўжо гэтай восенню. Да 18 траўня музыкі, якія працуюць у фармаце unplugged, могуць падаваць заявы на ўдзел у адборачных канцэртах, якія будуць праходзіць цэлае лета. Падрабязнасці пра ўмовы – тут.

Аўдыё, відэа, каментары ўдзельнікаў фестываля «Травень» – па гэтай спасылцы.

Квіткі – 120 000 – 170 000 руб. (танцпляц на cайце Kvitki.by і ў клубе «Графіці»; столікі – толькі ў клубе «Графіці»).

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0