Служба бяспекі Украіны выкрыла і спыніла злачынную дзейнасць экстрэмісцкай тэрарыстычнай групы, так званай «Брыгады аператыўнага рэагавання», якая з красавіка дзейнічала ў Адэскай вобласці.

Як паведаміла ў пятніцу прэс-служба СБУ, лідар «брыгады», 35-гадовы жыхар Адэсы, які доўгі час пражываў у АР Крым, распрацаваў і размясціў у інтэрнэце дапаможнік «План перахопу ўлады» з канкрэтнымі рэкамендацыямі збройнага супраціву дзеючай уладзе.

СБУ высветліла, што ўдзельнікі гэтай экстрэмісцкай групоўкі фактычна дзейнічалі па замове аднаго з расійскіх тэлеканалаў, атрымліваючы матэрыяльнае ўзнагароджанне за кожную акцыю — стварэнне неабходнай расійскім тэлевізійнікам «карцінкі».

«Удзельнікі групы распаўсюджвалі агітацыйныя матэрыялы, накіраваныя на гвалтоўнае змяненне або звяржэнне канстытуцыйнага ладу ці захоп дзяржаўнай улады, ажыццяўлялі рознага роду правакацыйныя акцыі і экстрэмісцкія дзеянні, аказвалі метадычныя рэкамендацыі па вырабе так званых «кактэйляў Молатава».

Акрамя гэтага, яны запалохвалі грамадзян, якія падтрымлівалі дзейнасць Еўрамайдана, падпальвалі офісныя памяшканні, прыватныя дамы, кватэры, машыны, крамы», — гаворыцца ў паведамленні СБУ.

У ведамстве адзначылі, што ў ноч на 20 красавіка група здзейсніла спробу падпалу аднаго з адэскіх супермаркетаў.

Акрамя таго, устаноўлена, што зламыснікі планавалі зладзіць у Адэсе правакацыі на 9 мая. Яны збіраліся, па іх словах, «цынічна тэрарызаваць» ветэранаў, у далейшым абвінаваціўшы ў гвалтоўных дзеяннях праўкраінскія сілы.

25 красавіка супрацоўнікі СБУ затрымалі пецярых удзельнікаў гэтай злачыннай групы пры спробе падпалу «кактэйлямі Молатава» офіса аднаго з аддзяленняў ПАО «ПрыватБанк».

Пры аглядзе аўтамабіля затрыманых канфіскавана агнястрэльная зброя з патронамі, рэшткі запальнай сумесі і сродкі відэаздымак, на якія зламыснікі фіксавалі свае супрацьпраўныя дзеянні.

Кіраваннем СБ Украіны ў Адэскай вобласці распачата крымінальная вытворчасць па ст.109 (дзеянні, накіраваныя на гвалтоўнае змяненне або звяржэнне канстытуцыйнага ладу ці на захоп дзяржаўнай улады) і ч.2 арт.194 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?