25 красавіка ў Мінску адбылася прэзентацыя абраза «Узнясенне Хрыстова — Пакровы Багародзіцы», адноўленага Музеем старажытнабеларускай культуры (МСК) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пры генеральнай падтрымцы «Банка БелВЭБ». 

Дырэктар МСК Барыс Лазука распавёў: «Гэты абраз паступіў у музей у 80-я гады з закрытай Пакроўскай царквы вёскі Хабовічы Кобрынскага раёна. Першыя ж абследаванні паказалі, што пад верхнім слоем знаходзіцца больш старажытны слой. Абраз чакаў сваёй гадзіны амаль тры дзесяцігоддзі. З`явіліся новыя веды ў галіне рэстаўрацыі, новыя мастацтвазнаўчыя падыходы, калі мы змаглі пачаць гэтую ўнікальную аперацыю — расслаення і рэстаўрацыі жывапісу. Калі знялі верхні жывапісны слой, ён быў, па сутнасці, таўшчынёй з плёнку. Яе трэба было захаваць, а таму мы выкарыстоўвалі цвёрдую празрыстую аснову, каб можна было ўбачыць і адваротны бок, на які перайшлі некаторыя малюнкі ніжняга слою. Унікальнасць гэтай аперацыі яшчэ і ў тым, што нам упершыню ўдалося ўбачыць падрыхтоўчую працу мастака — малюнак, з якога ён пачынаў сваю працу, першыя штрыхі, якія ніколі яшчэ не паўставалі перад вачамі гледачоў». 

Паводле слоў Лазукі, упершыню ў рэстаўрацыйнай практыцы Беларусі ажыццёўлена расслаенне твору станкавага жывапісу і перанясенне знятага слою на новую аснову. «Такім чынам удалося адкрыць жывапіс XVII стагоддзя і захаваць жывапіс XVIII стагоддзя, — адзначыў мастацтвазнаўца, — вярнуць у нашу рэчаіснасць два абразы, два новыя сюжэты — Пакровы Багародзіцы і Узнясенне Хрыстова. Праца калектыву рэстаўратараў заняла больш за год, падчас яе мы знаходзілі новы вопыт і новую планку ў рэстаўрацыйнай і мастацтвазнаўчай навуцы». 

Айцец Ігар, які выступіў на прэзентацыі, падкрэсліў важнасць падзеі: «Бо абраз — гэта, па-першае, помнік нашага духоўнага жыцця, па-другое, помнік культуры народа, па-трэцяе, помнік гісторыі Беларусі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру