Расійска-амерыканскі гісторык Юрый Фяльштынскі ў інтэрв'ю польскай і ўкраінскай прэсе 16 красавіка выказаў думку, што наступным крокам пуцінскай палітыкі будзе далучэнне Беларусі. Інтэрв'ю выставіў 25 красавіка ў сваім блогу Андрэй Іларыёнаў.

Юрый Фяльштынскі, фота Голас Амерыкі

«Крым — гэта першы этап вялікага плана. Любы вялікі план складаецца з некалькіх частак.

Адна з іх, вядома ж, далучэнне Украіны да Расіі. Ёсць частка па далучэнні Беларусі. Ёсць і нейкія іншыя часткі, пра якія мы можам толькі здагадвацца.

Напрыклад, даволі шмат у апошні час афіцыйныя асобы Расіі кажуць аб Прыднястроўі, а туды інакш як праз Украіну не патрапіць. (…)

На хвалі грамадзянскай вайны расійская армія ўвойдзе ва Украіну, як увайшоў Сталін ва ўсходнюю Польшчу, «вызваляючы» ўкраінскіх і беларускіх братоў ад польскага прыгнёту. Наступная задача — далучэнне Беларусі.

Але гэтая задача, як здаецца Крамлю, вельмі простая. Беларусь ніколі не была незалежнай дзяржавай, і гэта будзе адным з галоўных аргументаў Крамля.

Стратэгічна Беларусь дае вельмі важныя для Расіі выхады да ўсходнееўрапейскіх межаў. Гэта і Літва, і Заходняя Украіна, і Польшча. Так што тры геапалітычныя задачы Пуціна ўжо пазначаныя: Украіна, Беларусь і Малдова (Прыднястроўе).

Арганізаваць беспарадкі ў Беларусі будзе вельмі проста. Лукашэнка на Захадзе не папулярны, яго абараняць ніхто не будзе.

Самастойна выстаяць і выжыць у яго шанцаў няма. Г.зн. на самай справе ён існуе толькі да таго часу, пакуль Пуцін яму дазваляе існаваць. Лукашэнка гэта сам разумее. Няма саступак, якія ён мог бы зрабіць і якія б Пуцін прыняў як плату за захаванне незалежнай Беларуссю.

Захоп Беларусі можна ажыццявіць за вельмі кароткі тэрмін.

Калі Беларусь будзе захоплена, можна адразу ўваходзіць у Заходнюю Украіну, г.зн. таптаць танкамі не Усходнюю Украіну, а Заходнюю. Так што Крым быў першым вітком агрэсіі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру