У панядзелак, каля 12:00, на мэра Харкава Генадзя Кернеса быў здзейснены замах.
Кернес быў дастаўлены ў бальніцу хуткай і неадкладнай дапамогі, дзе яго прааперыравалі. У яго цяжкае раненне грудной клеткі і брушной поласці. Пра гэта на брыфінгу паведаміў журналістам дырэктар Інстытута хірургіі прафесар Валерый Бойка. Аперацыя доўжылася каля 2-х гадзін. Цяпер Кернес знаходзіцца ў цяжкім стане.
В.а. прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў даручыў МУС і СБУ неадкладна правесці расследаванне замаху на жыццё мэра Харкава і далажыць аб выніках.
Замах на Кернеса быў ажыццёўлены стрэлам са снайперскай вінтоўкі Драгунова. Замах можа быць звязаны з жаданнем дэстабілізаваць абстаноўку ў Харкаве, бо ў апошні час Кернес спрабаваў не дапусціць у горадзе сепаратысцкага сцэнара, рэалізаванага ў іншых гарадах на ўсходзе краіны.
Як паведамляе кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Украіны, харкаўчанін Зураб Аласанія на сваёй старонцы ў Facebook, напад адбыўся, калі Кернес купаўся ў крыніцы Саржыным Яры.
«РФ вызначае і ліквідуе ключавыя кропкі супраціву», — лічыць Аласанія.