Беларуская чыгунка 1 мая ўводзіць у эксплуатацыю пяцівагонныя электрацягнікі вытворчасці швейцарскай кампаніі Stadler Bussnang AG, паведамілі у прэс-службе БЧ.

Новыя саставы заменяць на ўчастках Мінск — Баранавічы, Баранавічы — Брэст і Мінск — Орша менш умяшчальныя чатырохвагонныя цягнікі рэгіянальных ліній бізнес-класа. 

Расклад руху цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа на названых участках і кошт праезду застануцца ранейшымі. 

Што да чатырохвагонных электрацягнікоў, то яны будуць задзейнічаны на іншых маршрутах, у тым ліку Мінск — Бабруйск. 

Згодна з кантрактам, заключаным Беларускай чыгункай са швейцарскай кампаніяй Stadler Bussnang AG у снежні 2012 года, на БЧ у 2013—2014 гадах было пастаўлена шэсць пяцівагонных электрацягнікоў. 

Пяцівагонныя электрацягнікі рэгіянальных ліній бізнес-класа маюць шэраг пераваг у параўнанні са сваімі папярэднікамі — чатырохвагоннымі электрацягнікамі швейцарскай вытворчасці.

Перш за ўсё, новыя саставы больш умяшчальныя — у іх прадугледжаны 302 месцы для сядзення (у чатырохвагонных электрацягніках — 216). У пяцівагонных цягніках ёсць тры камфартабельныя прыбіральні, адна з якіх прызначана для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Прадугледжана больш зручная кампаноўка крэслаў у вагоне (адзін за адным, ад канцоў вагона да сярэдзіны), і ў кожным вагоне ёсць зона багажных паліц (стэлажоў) для перавозкі буйнога багажу. Сярод пераваг цягніка таксама наяўнасць нумарацыі вагонаў на бакавых святлодыёдных табло і франтальныя камеры відэаназірання на лабавых частках кабін кіравання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?